ЗША могуць размясціць вайскоўцаў на авіябазе ў Дамаску
Злучаныя Штаты рыхтуюцца стварыць ваенную прысутнасць на авіябазе ў Дамаску. Мэта гэтага кроку — гарантаваць пагадненне аб бяспецы, якое Вашынгтон цяпер рыхтуе паміж Сірыяй і Ізраілем, піша Reuters.
Дональд Трамп сустракаецца з прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аль-Шараа ў Эр-Рыядзе, Саудаўская Аравія, 14 мая 2025 г. Фота: Bandar Aljaloud / Saudi Royal Palace via AP
Гэтыя планы, пра якія раней не паведамлялася, з'яўляюцца прыкметай змены стратэгічнага курсу Сірыі ў бок ЗША пасля падзення Башара Асада.
Авіябаза знаходзіцца ля ўвахода ў паўднёвыя раёны Сірыі, дзе, як чакаецца, будзе створана дэмілітарызаваная зона ў рамках пакта аб ненападзенні паміж Ізраілем і Сірыяй. Перамовы пра гэтае пагадненне вядуцца пры пасрэдніцтве адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Паведамляецца, што прэзідэнт Дональд Трамп сустрэнецца з прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аш-Шараа ў Белым доме ў панядзелак. Гэта будзе першы такі візіт кіраўніка Сірыі.