Сінгапур уводзіць абавязковае лупцаванне розгамі як пакаранне для анлайн-махляроў
Каб супрацьстаяць росту колькасці кіберзлачынстваў, горад-дзяржава звярнуўся да цялеснага пакарання — практыкі, якая засталася ў спадчыну ад брытанскай каланіяльнай эпохі.
Паліцэйскі каля будынку парламента Сінгапура. Фота: AP Photo / Wong Maye-E
На гэтым тыдні парламент Сінгапура ўнёс папраўкі ў крымінальнае заканадаўства, увёўшы лупцаванне як абавязковае пакаранне для махляроў і іх памагатых. Як паведамляе The Washington Post, гэта рашэнне было прынята пасля таго, як за першае паўгоддзе гэтага года былі зарэгістраваныя дзясяткі тысяч выпадкаў махлярства, што прывяло да стратаў у памеры амаль 385 мільёнаў даляраў ЗША. Раней улады надалі паліцыі права абмяжоўваць банкаўскія транзакцыі, калі ёсць падазрэнне на махлярства.
Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, цяпер кожны, хто здзейсніў махлярства праз сродкі дыстанцыйнай сувязі, будзе атрымліваць мінімум шэсць удараў, а максімальнае пакаранне можа дасягаць 24.
Махлярствы сталі найбольш распаўсюджаным відам злачынства ў краіне — яны складаюць каля 60% усіх зарэгістраваных выпадкаў, і за пяць гадоў нанесла страт на 3,7 мільярда сінгапурскіх даляраў (каля 2,85 мільярда амерыканскіх).
Некаторыя махлярскія сеткі выкарыстоўвалі фінансавую стабільнасць і дзелавое асяроддзе Сінгапура, каб надаць сабе выгляд законных кампаній. Гэта выклікала занепакоенасць наконт ролі краіны ў распаўсюдзе шматмільярднай індустрыі кібермахлярства, якая глыбока ўкаранілася ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Законапраект прадугледжвае, што пад дзеянне новага заканадаўства трапяць таксама арганізатары і вярбоўшчыкі махлярскіх сіндыкатаў, якія будуць падлягаць цялеснаму пакаранню ў выпадку прызнання вінаватымі.
Цялеснае пакаранне, якое ўжываецца з дапамогай ратангавага гучка і выконваецца пасля медыцынскага агляду, не з'яўляецца навінкай для Сінгапура. Яно было заканадаўча замацавана яшчэ ў часы брытанскага каланіяльнага кіравання і сёння рэгулюецца Крымінальна-працэсуальным кодэксам, з'яўляючыся адной з самых суровых формаў пакарання.
Лупцаванне розгамі як судовая мера пакарання існуе таксама ў іншых былых брытанскіх калоніях, у прыватнасці, у Малайзіі і Брунеі, а таксама практыкуецца (на аснове заканадаўства шарыяту) у інданезійскай правінцыі Ачэх. На здымку: ратондавыя гучкі, якія выкарыстоўваюцца для лупцавання ў інданезійскай правінцыі Ачэх. Фота: AP Photo / Reza Saifullah
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, лупцаванне з'яўляецца абавязковым пакараннем для 65 злачынстваў, а яшчэ за 96 злачынстваў яно можа быць выкарыстана па рашэнні суда. Жанчыны, дзяўчынкі і мужчыны, старэйшыя за 50 гадоў, вызваляюцца ад гэтага віду пакарання.
Акрамя судовага прымянення, лупцаванне практыкуецца ў турмах як дысцыплінарнае спагнанне за парушэнне ўнутраных правіл, а таксама існуе ў вайсковых дысцыплінарных кодэксах і дазволена ў школах як дысцыплінарная мера ў дачыненні да хлопчыкаў.
Варта адзначыць, што папраўка таксама зняла абавязковае лупцаванне за некаторыя іншыя злачынствы, у тым ліку за вандалізм. Адносна яго цяпер рашэнне аб ужыванні розгаў будзе прымацца на меркаванне суда.
Праваабарончыя групы рэгулярна крытыкуюць Сінгапур за выкарыстанне лупцавання і заклікаюць спыніць гэтую практыку.
Такія арганізацыі, як Human Rights Watch і Amnesty International, лічаць лупцаванне формай катаванняў у адпаведнасці з міжнародным правам.
Чытайце таксама:
На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?
«Кефір каштуе каля 11 даляраў, грэчка — 10». Плюсы і мінусы жыцця ў Сінгапуры