Расіяне не змогуць атрымліваць шэнгенскія мультывізы
дапоўнена
Еўракамісія патлумачыла такое рашэнне.
Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»
Грамадзяне Расіі больш не змогуць атрымліваць шэнгенскія мультывізы. Такое рашэнне агучылі ў Еўракамісіі.
Але аднаразовыя візы ім працягнуць выдаваць. Цяпер расіяне павінны будуць падаваць заявы на новую візу штораз, калі захочуць уехаць у Еўрасаюз. Гэта, як мяркуецца, дазволіць праводзіць дбайную і частую праверку заяўнікаў для зніжэння любой патэнцыйнай пагрозы бяспекі.
Выключэнні будуць толькі для «выразна вызначаных груп заяўнікаў, якія ўяўляюць сабой паніжаны профіль рызыкі». Гэта члены сем'яў жыхароў краін ЕС і работнікі транспарту.
Новыя правілы тычацца толькі заяў расіян, пададзеных у Расіі.
Еўракамісія тлумачыць, што прыняла гэта рашэнне з прычыны росту рызык для бяспекі, звязаных з вайной Расіі супраць Украіны, уключаючы выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі, акты сабатажу і патэнцыйнае злоўжыванне візамі.