На Беларускай чыгунцы аднаго з супрацоўнікаў затрымалі за нібыта спрыянне кантрабандзе цыгарэт
На Беларускай чыгунцы зноў адбываюцца затрыманні супрацоўнікаў. На гэты раз пад арышт трапіў 35‑гадовы цягніковы дыспетчар Цэнтру кіравання перавозкамі (ЦКП) на ўчастку Мінск-вузел ЦКП Андрэй Гаўрылюк, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Фота ілюстрацыйнае
Паведамляецца, што Андрэя Гаўрылюка затрымалі 5 лістапада супрацоўнікі КДБ пасля дзённай змены, станам на 7 лістапада ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ.
Паводле папярэдняй інфармацыі, яго падазраюць у спрыянні арганізацыі кантрабанды цыгарэт беларускіх вытворцаў у краіны Еўрасаюза праз чыгуначныя перавозкі. Мяркуецца, што Гаўрылюк мог удзельнічаць у планаванні і арганізацыі пазаграфікавых прыпынкаў транзітных кантэйнерных цягнікоў, якія ішлі ў Польшчу. Гэтыя прыпынкі адбываліся на загадзя ўзгодненых станцыях, дзе магла адбывацца загрузка кантрабанднага тавару ў вагоны.
Паводле звестак крыніц, гаворка ідзе пра ўчастак Калядзічы — Памыслішча, які з’яўляецца часткай Мінскага абходу і належыць да зоны адказнасці ЦКП «Мінск-вузел». Гэта месца лічыцца зручным для кантрабанды, бо тут мала людзей і няма пастаяннай аховы.
Таксама паведамляецца пра магчымы выцек службовай інфармацыі — звестак пра састаў цягнікоў, кантэйнеры і нумары пломбаў, што дазваляла кантрабандыстам дзейнічаць скаардынавана і непрыкметна.
Чытайце таксама:
Як выглядае дрон кантрабандыстаў, які ўчора бразнуўся па той бок польскай мяжы ФОТАФАКТ
Пасля апошніх інцыдэнтаў з паветранымі шарамі ў Літве затрымалі чатырох чалавек