У Мінску завяршылі будаўніцтва пяцізоркавага гатэля на месцы колішняга «Белэкспа»
У Мінску завяршылі будаўніцтва гасцініцы Waldorf Astoria на месцы былога выставачнага комплексу «Белэкспа», і цяпер ужо можна браніраваць нумары — па вельмі высокіх цэнах, піша Blizko.by.
Фота: Blizko.by
Як паведаміла старшыня Камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава ў эфіры «Радыё-Мінск», аб’ект уведзены ў эксплуатацыю і рыхтуецца да адкрыцця. Гэта будзе пяцізоркавы гатэль з рэстаранам, спа-цэнтрам, падземным паркінгам і ўсім неабходным для аб’екта такога ўзроўню. Цяпер ідзе набор персаналу, і Гонтарава не выключае, што адкрыццё адбудзецца яшчэ да канца года.
Будынак «Белэкспа» знеслі яшчэ ў красавіку 2017 года, а на яго месцы запланавалі шматфункцыянальны комплекс пад назвай «Гранд Гатэль Мінск». Участак быў перададзены кампаніі Kopaonik Property Investment з ААЭ паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў 2015 годзе. Будаўніцтва пачалося толькі ў 2019‑м і некалькі разоў пераносілася.
На сайце Waldorf Astoria ужо адкрыта браніраванне нумароў з 2 лютага 2026 года. Паводле інфармацыі, аператарам выступае сусветная сетка Hilton.
Цэны нумароў:
- Прэзідэнцкі люкс — ад 3256 даляраў за ноч; пры поўным пакеце паслуг са сняданкам і магчымасцю адмены броні — 3845 даляраў;
- Нумар «Дэлюкс» — ад 428 даляраў, або 590 даляраў са сняданкам і дадатковымі выгодамі.
Для ўдзельнікаў праграмы Hilton Honors дзейнічаюць зніжкі: мінімальная цана на «Дэлюкс» складае 407 даляраў, а на «Прэзідэнцкі люкс» — 3093 даляры.
Чытайце таксама:
У Мінску гатэль шукае супрацоўніка з заробкам ад 30 000 рублёў
Вялікі арабскі комплекс на месцы былога «Белэкспа» ў Мінску амаль гатовы. Вось як ён выглядае
У гіганцкі бізнэс-цэнтр на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску засяліліся пакуль 13 арганізацый