БЕЛ Ł РУС

«Марзалюк — гэта наш зубр». Як праўладны гісторык нечакана стаў трэндам для зумераў у тыктоку

8.11.2025 / 22:52

Nashaniva.com

У тыктоку разышліся відэа з праўладным гісторыкам Ігарам Марзалюком. Карыстальнікі ператварылі ягоныя выступы ў патрыятычныя кліпы, і прапагандыст стаў трэндам, заўважыла BGmedia.

Ігар Марзалюк. Фота: «Наша Ніва»

Ігар Марзалюк — доктар гістарычных навук і адзін з самых вядомых праўладных гісторыкаў у краіне. З 2010‑х гадоў ён актыўна падтрымлівае палітыку Лукашэнкі і рэгулярна з’яўляецца ў эфірах дзяржаўных каналаў, дзе тлумачыць гістарычныя падзеі, часта з «патрэбнага» пункту гледжання. Але нечакана часткі інтэрв’ю з ягоным удзелам, а таксама выступаў, трапілі ў тыкток і сталі папулярнымі сярод зумераў — маладых беларусаў, якія знайшлі ў ягоных словах новы сэнс.

У відэа, якія набываюць папулярнасць, Ігар Марзалюк расказвае пра сярэднявечную гісторыю продкаў беларусаў. У іх ён разбурае прарасійскія наратывы, дзе беларусы ў гісторыі Усходняй Еўропы паказаныя як «малодшыя браты» расейцаў.

«Выглядае, што ўсё наадварот. Беларускае Палессе — зыходная тэрыторыя, дзе адбылося афармленне і нараджэнне агульнаславянскай супольнасці. Славянская мова загучала ўпершыню ў свеце на землях паўднёвай і паўднёва-ўсходняй Беларусі. Менавіта адсюль на працягу наступных стагоддзяў адбывалася заваяванне і каланізацыя славянамі іншых еўрапейскіх зямель», — кажа Марзалюк.

@narezka.bielarus #беларусь #беларускаямова #беларускіцікток #гісторыя #культура ♬ Øfdream: Thelema (Slowed & Bass Boosted) - Øfdream

Гісторык таксама выказаўся пра расейцаў, якія прыніжаюць украінцаў і беларусаў, паказваючы іх ролю ў гісторыі як другасную, а расейцаў — як першасную:

«Масавая расейская самасвядомасць узнікла не на ўзроўні эліты — не ў часы Пушкіна ці Лермантава. Яна сфарміравалася значна пазней — у перыяд ленінска-сталінскай мадэрнізацыі. Калі беларусы называлі сябе «тутэйшымі», то расейцы — «пскопскімі». Разуменне айчыны як адзінага ментальнага і нацыянальнага цэлага — даволі позняя з’ява».

@narezka.bielarus #беларусь #россия #русские #беларусь #беларускіцікток ♬ I Lose It - SUNSHXNE

Набылі папулярнасць і больш кароткія ролікі з гістарычнымі фактамі пра асобаў гісторыі Беларусі. У адным з іх Марзалюк узгадвае Саламона Рысінскага — першага беларуса, які «зафіксаваў сваю беларускасць» у XVI стагоддзі.

@narezka.bielarus #беларусь #Россия #русь #беларускіцікток #мова ♬ NITE II (Slowed) - ELVEN DIOR

У іншым гісторык узгадвае Усяслава Чарадзея, які «лічыў Ноўгарад сваёй калоніяй»:

«Ён меў намер і польскую поўнач захапіць, дамінаваць ва ўсёй гэтай вялічэзнай прасторы. Нерэалізаваны праект імперскі».

@narezka.bielarus #беларусь #новгород #россия #беларускіцікток #империя ♬ som original - Nico News

Многім беларускім карыстальнікам спадабаліся гэтыя відэа: у каментарах яны адзначаюць, што прыемна здзіўленыя выказваннямі гісторыка, які пісаў ім падручнікі. А некаторыя пішуць, што ў каштоўнасцях Марзалюк ім сапраўды блізкі.

«Марзалюк — гэта наш зубр».

«Наш ваўкалак!».

Выдаў базу».

«Паважаю гэтага гісторыка».

«Хоць у чымсьці з ім згодны», — пішуць людзі, улічваючы ўсю ягоную біяграфію.

Чытайце таксама:

«Раней Марзалюк выступаў у калоніі, што экстрэмісты — ворагі народу. А апошні раз — што трэба ўмець дараваць»

Ігар Марзалюк на ідэалагічным мерапрыемстве ўпадаў у экстаз ад абласных караваяў ВІДЭА

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ

Марзалюк пра новы гістарычны музей: Сустракаць наведвальнікаў будуць самыя важныя ў нацыянальнай гісторыі асобы

Марзалюк: Герб Пагоня ніколі не быў забаронены!

Каментары да артыкула