Украінская ракета «Фламінга» ў нечым лепшая за амерыканскія «Тамагаўкі»
Новая ўкраінская крылатая ракета «Фламінга» паводле некаторых паказнікаў пераўзыходзіць амерыканскую крылатую ракету Tomahawk. У прыватнасці — паводле далёкасці і памеру баявой часткі.
Палёт крылатай ракеты «Фламінга». Фота: Fire Point
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на выданне The Independent.
Выданне адзначае, што «Фламінга» з заяўленай далёкасцю палёту 3000 кіламетраў і баявым абсталяваннем больш за тону — адна з найлепшых распрацовак Украіны. Яна абсталяваная савецкім турбавінтавым рухавіком і можа лётаць з хуткасцю каля 900 кіламетраў за гадзіну.
Але нягледзячы на тое, што ракета вырабленая з выкарыстаннем старых савецкіх тэхналогій, спалучаных з сучаснымі распрацоўкамі, яна каштуе столькі ж, колькі амерыканская крылатая ракета Tomahawk. Прыцягвае ўвагу таксама істотная перавага па далёкасці і вазе баявой часткі: 3000 км супраць 1500 км і 1100 кг супраць 500 кг.
Яшчэ адна перавага — гэтыя ракеты цалкам знаходзяцца пад кантролем выключна ўкраінскіх узброеных сіл. Саюзнікі не здольныя абмяжоўваць іх выкарыстанне супраць цэляў у глыбіні Расіі, як гэта рабілі ЗША з ракетамі ATACMS і Францыя і Вялікабрытанія з ракетамі Storm Shadow.
«Кіеў можа страляць з «Фламінга» па любой цэлі, якую захоча атакаваць. Ён не абмежаваны тым, што, паводле словаў «саюзнікаў» Украіны, ён можа і не можа рабіць у барацьбе з расійскімі войскамі ўварвання», — піша выданне.
Паводле словаў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, цяпер Украіна самастойна вырабляе больш за 60% дальнабойнай зброі. А прадстаўнікі Fire Point кажуць, што гэтая ракета можа не адпавядаць нейкім стандартам, але нікога гэта не хвалюе.
«Калі табе цэляць у галаву, ты не думаеш пра стандарты, ты думаеш, што «гэта павінна працаваць». Нам было абыякава, ці адпавядаем мы стандартам НАТА. Нас цікавіла толькі тое, каб наша зброя была эфектыўнай на фронце, а не на паперы. У выніку мы здолелі стварыць вельмі эфектыўную зброю», — растлумачыла выданню тэхнічны дырэктар кампаніі.
Яшчэ ў верасні прэзідэнт Зяленскі заявіў, што Украіна актыўна распрацоўвае дальнабойнае ўзбраенне. Апошнія выпрабаванні прайшлі паспяхова, і наступны этап — запуск серыйнай вытворчасці.
Таксама Украіна пачала серыйную вытворчасць крылатых ракет «Фламінга» з далёкасцю палёту да 3000 кіламетраў. Паводле словаў Зяленскага, на масавую вытворчасць выйдуць да канца года.
Акрамя таго, як ён сцвярджае, Украіна ўжо дзевяць разоў наносіла ўдары з выкарыстаннем ракеты «Фламінга» — на цяперашні момант яна лічыцца найлепшай украінскай крылатай ракетай.