БЕЛ Ł РУС

Марына Ментусава назвала свой топ-5 самых сэксуальных беларускіх мужчын

10.11.2025 / 9:30

Nashaniva.com

Самы сумленны, самы вывераны і выпакутаваны спіс, складзены жаночым чатам.

Аляксандр Васілевіч, Аляксей Садавы, Яўген Неўгень

Адной з тэм для абмеркавання ў чарговым выпуску «Обычного вечера» стала навіна аб тым, што часопіс People назваў самага сэксуальнага мужчыну 2025 года. Ім стаў англійскі акцёр Джонатан Бэйлі.

Па словах Марыны Ментусавай, гэта інфармацыя выклікала ў яе жаданне высветліць, хто з'яўляецца сэкс-сімвалам Беларусі. У пошуках адказу яны звярталася да Google, давала заданне ChatGPT, пыталася ў сваіх падпісчыкаў. Аднак адказы ёй не спадабаліся.

«У выніку давялося ісці да крыніцы сусветнай мудрасці — да жаночага чату. Вось ёсць чат GPT, а ёсць жаночы чат. Вось яны ўсё дакладна ведаюць, там дакладна без промахаў», —

расказала Марына і ўдакладніла, што рэйтынг не яе асабісты, а вынік калектыўнага абмеркавання:

«Гэта калектыўны [рэйтынг]. Гэта сяброўскі чат, мае падпісчыцы, падпісчыкі, тыя, каго я папрасіла, плюс тыя рэдакцыі, якія ўжо намінавалі розных беларусаў у такія рэйтынгі: самыя сэксуальныя і самыя зайздросныя жаніхі. Мы іх узялі ў самыя сэксуальныя», — патлумачыла Марына.

Па яе словах, з рэйтынгу па меркаванню бяспекі былі выключаны беларусы ўнутры Беларусі.

На пятым месцы — Лёва Бі-2.

Саліст гурта «Бі-2» Ягор Бортнік (сцэнічны псеўданім Лёва). Фота: «Радыё Свабода»

«Рок-музыканты заўсёды падабаліся дзяўчатам. Прычым дзяўчатам рознага ўзросту. Лёва вось такі, небяспечны», — патлумачыла выбар Ментусава.

Чацвёртае месца было аддадзена журналісту і вядоўцу Сяргею Дарафееву.

Сяргей Дарафееў. Фота: facebook.com/s.dorofeev

Па словах Марыны, Дарафееў знаходзіцца ў яе асабістым спісе самых сэксуальных мужчын «вельмі доўгі час, да таго, як я магла прамаўляць слова «сэксуальны» (…) заканадаўча дазволеным чынам».

«Не псуецца гэта віно, усё лепш і лепш з гадамі. (…) Вельмі прыгожы», — дадала Ментусава.

Трэцяе месца заняў Аляксандр Васілевіч.

«Ён быў у рэйтынгу, які «Наша Ніва» стварала. Васілевіч у цэлым у рэйтынгах ва ўсіх, якія я бачыла па сэкс-сімвалах у Беларусі. Ну, справядліва», — пракаментавала Марына.

Сузаснавальнік галерэі «Ў», рэкламных агенцтваў Vondel/Hepta, выдавец kyky.org і The Village Аляксандр Васілевіч. Фота: фэйсбук

Айцішнік і сузаснавальнік MSQRD (стартап, які быў выкуплены Фэйсбукам) Яўген Неўгень заняў другое месца:

«Ён і малады, прадпрымальны, і мала гаворыць. Прынамсі, публічна. Жанчынам падабаецца».

Яўген Неўгень. Фота: інстаграм

На вяршыні рэйтынгу апынуўся рэстаратар Аляксей Садавы.

«Ён заўсёды ва ўсіх рэйтынгах. Ён і прыгожы малады чалавек і, відавочна, сэксуальны, калі мы можам такімі катэгорыямі тут раскідвацца. Быў у рэйтынгу «Нашай Нівы» самых сэксуальных беларусаў, быў у рэйтынгу самых зайздросных жаніхоў. Яго намінавалі мае падпісчыцы, за яго галасавалі дзяўчаты ў маім чаце».

Фота: Аляксей Піскун / Probusiness.by

Чытайце таксама:

Топ-5 жанчын беларускай эміграцыі па версіі Канстанціна Каверына

Топ-30 самых сэксуальных беларускіх мужчын ад «Нашай Нівы»

Каментары да артыкула