Фанаты Тэйлар Свіфт наваднілі музей у Германіі, каб пабачыць карціну, да якой спявачка зрабіла адсылку ў сваім новым кліпе
Карціна «Афелія», на якой нямецкі мастак Фрыдрых Гайзер адлюстраваў гераіню шэкспіраўскай трагедыі, паслужыла адным з візуальных вобразаў для новага кліпу Тэйлар Свіфт, што прыцягнула да музея Вісбадэна павышаную цікавасць фанатаў спявачкі.
«Афелія» працы Фрыдрыха Гайзера. Каля 1900. Фота: Wikimedia Commons
200‑гадовы музей у Германіі нечакана апынуўся ў цэнтры ўвагі захопленых фанатаў Тэйлар Свіфт, калі высветлілася, што адна з крыніц натхнення для яе новага кліпа The Fate of Ophelia (Лёс Афеліі) вісіць на яго сценах, піша выданне The Guardian.
Ва ўступнай сцэне кліпа, створанага на першую песню з грандыёзнага новага альбома Свіфт The Life of a Showgirl, поп-зорка пераўвасабляецца ў гераіню трагедыі Шэкспіра. Кліп ужо набраў больш за 100 мільёнаў праглядаў на YouTube.
Уступная сцэна з кліпа Тэйлар Свіфт. Скрыншот відэа
Пасля рэлізу фанаты пачалі масава наведваць Музей Вісбадэна ў заходняй Германіі, каб убачыць карціну Фрыдрыха Гайзера, створаную каля 1900 года, якая, здаецца, паслужыла асновай для вобраза Свіфт.
«У нас цяпер сапраўдны «афеліеўскі» бум — і мы шчыра здзіўленыя, але вельмі рады гэтаму», — сказала ў чацвер прадстаўніца музея Сюзанна Гіршман.
«Калі шчыра, гэта быў шок. У нас ёсць супрацоўніца, сяброўка якой з’яўляецца фанаткай Свіфт. Яна заўважыла, што ўступная сцэна кліпу падобная да карціны Гайзера, і мы падумалі: вау, якая выпадковасць — гэта ж так захапляльна».
Хоць музей пакуль не змог звязацца з камандай Свіфт, фанаты хутка самі зрабілі адкрыццё — навіна імкліва распаўсюдзілася па сацсетках.
Гіршман ацаніла, што толькі за першыя выхадныя каля 500 чалавек прыйшлі спецыяльна, каб убачыць карціну Гайзера «Афелія», задаючы супрацоўнікам пытанне, дзе яна знаходзіцца. Гэтая цікавасць у разы пераўзыходзіць звычайную ўвагу да гэтай рамантычнай карціны, якая паказвае Афелію з крыху прыадкрытымі ружовымі вуснамі і яе безжыццёвае цела сярод вадзяных лілеяў.
Большасць наведнікаў — маладыя жанчыны і дзяўчаты, якія фатаграфуюцца перад палатном.
«Падлеткаў цяпер нашмат больш, чым звычайна», — адзначыла Гіршман.
Яна сказала, што музей, які святкуе 200‑гадовы юбілей, быў заспеты знянацку гэтай «Свіфт-маніяй».
«У нас цудоўная калекцыя мадэрну. Шмат хто прыходзіць паглядзець на Альфонса Муху, на Гектара Гімара. Але гэта першы раз, калі мы бачым такі ажыятаж вакол адной карціны», — дадала яна.
«Мне заўсёды падабалася гэта палатно, — сказала яна пра карціну Гайзера. — Дзякуючы Тэйлар Свіфт яно атрымала зусім новае жыццё».
Спачатку кіраўніцтва музея баялася, што наплыў фанатаў Свіфт можа перашкодзіць іншым наведнікам, але, паводле Гіршман, фанаты «паводзяць сябе вельмі паважліва».
«Для нас гэта цудоўна — дзякуючы такой сусветнай зорцы, як Тэйлар Свіфт, усе раптам пачалі гаварыць пра мастацтва. Гэта проста неверагодна».
Гэта не першы раз, калі спявачка чэрпае натхненне ў Шэкспіра — яе хіт 2008 года Love Story быў натхнёны гісторыяй Рамэа і Джульеты.
Пакуль невядома, чаму Свіфт абрала менавіта вобраз Афеліі ў выкананні Гайзера, гераіні «Гамлета», якая тоне пасля таго, як яе каханы выпадкова забівае яе бацьку. У песні Свіфт «старэйшая дачка высакароднага чалавека», якая «жыла ў фантазіі», атрымлівае шчаслівы канец.
Самай вядомай «Афеліяй» з'яўляецца карціна Джона Эверэта Міле — сапраўды шэдэўр прэрафаэлізму. Фота: Wikimedia Commons
Спачатку прыхільнікі Свіфт лічылі, што яе натхніла больш вядомая праца, створаная ў 1852 годзе Джонам Эверэтам Міле, якая захоўваецца ў лонданскай галерэі Тэйт, але колер сукенкі і поза паказвалі на тое, што гаворка ідзе пра палатно Гайзера.
Цяпер супрацоўнікі музея ў Вісбадэне гадаюць, ці не была амерыканская зорка ў іх сярод наведнікаў, магчыма, падчас свайго турнэ Eras па трох нямецкіх гарадах у ліпені 2024 года.
«Гэта было б сапраўды шалёна! — сказала Гіршман. — Мы ўсе пыталіся сябе: як гэта адбылося? Яна сама выбрала карціну? Ці бачыла яе на ўласныя вочы? Ці, можа, нехта з яе каманды? Думаю, калі б Тэйлар Свіфт прыйшла сюды інкогніта, мы б гэта заўважылі».