У ноч з панядзелка на аўторак у Літву заляцелі 8 метэазондаў і адзін дрон з Беларусі
У ноч з панядзелка на аўторак і раніцай аўторка літоўскія памежнікі перахапілі восем паветраных шароў, якія з Беларусі пераносілі кантрабандныя цыгарэты. Паводле папярэдніх даных, у іх было больш за 13 тысяч пачкаў. Акрамя таго, гэтай жа ноччу памежнікі збілі беспілотнік, які таксама заляцеў з Беларусі і, як мяркуецца, выкарыстоўваўся кантрабандыстамі, паведамляе літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Фота: vsat.lrv.lt
Паведамляецца, што большасць шароў з кантрабандай былі заўчасна выяўленыя дзякуючы аператыўнай інфармацыі памежнай службы, а адзін груз заўважыла паліцыя. Два выпадкі адбыліся ў Салечніцкім раёне, астатнія — у Аранскім. Да ўсіх шароў былі прымацаваныя GPS-перадатчыкі, каб кантрабандысты маглі адсочваць іх шлях.
У Салечніцкім раёне таксама быў затрыманы самаробны дрон, якім кантрабандысты спрабавалі перавезці цыгарэты. Памежнікі выкарысталі спецыяльнае антыдронавае абсталяванне і прымусілі апарат прызямліцца.
Фота: vsat.lrv.lt
Па звестках літоўскіх дзяржаўных органаў, сёлета ўжо перахопленыя 564 паветраныя шары з кантрабандай з Беларусі. Звычайна адзін шар пераносіць каля трох каробак беларускіх цыгарэт — прыкладна 1,5 тысячы пачкаў. Для параўнання: летась такіх выпадкаў было 226, а ў 2022 годзе — ніводнага.
Акрамя шароў, сёлета памежнікі збілі 52 дроны з кантрабандай (летась — 54). Агульная колькасць затрыманых цыгарэт, перапраўленых паветрам, ужо перавысіла 1,3 мільёна пачкаў, а разам з іншымі выпадкамі — каля 4 мільёнаў пачкаў за год.
Таксама сёлета былі затрыманыя 103 чалавекі, якіх падазраюць у ўдзеле ў паветранай кантрабандзе. У суды перададзена 18 спраў, з якіх 12 ужо разгледжана: 18 чалавек прызнаныя вінаватымі, пяцёра атрымалі турэмныя тэрміны (да 2 гадоў і 6 месяцаў), астатнім прызначаныя штрафы ад 1300 да амаль 20 тысяч еўра.
Чытайце таксама:
Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі
1100 літоўскіх грузавікоў не выпусцяць з Беларусі да адкрыцця мяжы
У літоўскім Алітусе метэазонд з кантрабандай прызямліўся на тэрыторыю прыватнага ўчастка
Паветраны шар кантрабандыстаў учора заляцеў у асабліва небяспечную зону Віленскага аэрапорта