Як цяпер жыве былая бяздомная Вікторыя, якой гомельскі блогер набыў кватэру
Вікторыя і блогер Анатоль Rubakha Go з Гомеля далі інтэрв'ю, у якім расказалі, як жывуць цяпер і ці змагла былая бяздомная змяніцца. А таксама адказалі, ці праўда, што яны маці і сын.
Вікторыя. Скрын відэа: kate__svet / YouTube
Як Вікторыя жыла раней
Вікторыя — 56‑гадовая бяздомная жыхарка Гомеля, чыё жыццё кардынальна змянілася дзякуючы блогеру Анатолю Rubakha Go.
Па словах жанчыны, дзяцінства ў яе было «добрае, як і ва ўсіх дзяцей». З першага класа яна займалася спортам — лёгкай атлетыкай. Пасля заканчэння 8 класаў паступіла вучыцца ў вучылішча на аператара станкоў з праграмным кіраваннем.
Аднак па спецыяльнасці Вікторыя не працавала. Яна адзін год не давучылася і ў 16 гадоў пайшла на прадпрыемства «Труд», дзе рабілі абутак. Пазней яна ўладкавалася ў дзіцячы садок: спачатку нянечкай, а потым памочніцай выхавальніка.
Калі садок закрылі, Вікторыя зарэгістравалася на біржы працы, вывучылася на ліфцёра і пайшла працаваць у бальніцу. На дадзены момант яна афіцыйна не працуе.
У Вікторыі двое дарослых дзяцей і дарослая ўнучка. Яна была замужам, але з мужам развялася ў 2006 годзе і зараз жыве адна.
У жанчыны ёсць два браты, адзін з іх зводны (родны па маці). Аднак яна не падтрымлівае з імі кантакт.
Самым блізкім чалавекам, які разумее яе духоўна, Вікторыя лічыць адну жанчыну, Раісу Іванаўну, у якой яна доўгі час жыла.
«Яна мне як другая мама», — сказала Вікторыя, тлумачачы, што яе ўласная маці рана пайшла з жыцця — у 46 гадоў, калі Вікторыі было ўсяго 20.
«Я ёй дапамагала, і цяпер дапамагаю. Я яе не кідаю ў бядзе. (…) Іванаўна вельмі добры чалавек», — завярае Вікторыя.
Як удакладніў Анатоль, Вікторыя «заўсёды жыла ў некага з сваіх знаёмых. Ці ў прыватным доме, ці на кватэры. Хіба што большую частку яна пражыла ў Іванаўны. (…)
Раіса Іванаўна ўжо ва ўзросце, але яна сапраўды вельмі добрая. Бо вы ж самі разумееце, што не кожны прытуліць незнаёмага сабе чалавека.
У яе ёсць мужчына, з якім яна разам жыве. Таксама ў яе ёсць дзеці. Таму проста з-за сваёй дабрыні нейкай. Ну і зараз яны сапраўды добрыя сяброўкі. Вікторыя да яе прыходзіць, дапамагае ёй па агародзе, па хаце. Што ўжо складана зрабіць для самой Раісы Іванаўны».
Пра падораную кватэру
Самым вялікім шчасцем у жыцці Вікторыя лічыць кватэру, бо цяпер у яе ёсць «дах над галавой».
Калі блогер выйграў машыну, то прадаў яе, каб на выручаныя грошы купіць Вікторыі ўласнае жыллё.
Кватэру жанчына выбірала сама, а афармленнем дакументаў займаўся Анатоль.
«На мне кватэра. Усе дакументы на мне. Усё. Кватэра цалкам аформлена на мне. Я тут прапісана. Усё, больш нікога няма», — адказвае жанчына хэйтэрам.
На пытанне, ці не збіраецца яна замуж, жанчына адказала:
«Мне падабаецца быць адной. Я ўжо замуж не хачу. Хачу быць адна. Я там ужо пабывала. Таму другі раз на гэтыя граблі я не наступлю».
Ці змянілася жанчына?
Па словах Вікторыі, яна з Анатолем «ніколі не сварылася і ніколі не крыўдзілася». «Мне з ім лёгка камунікаваць. І ўсё», — заўважае жанчына.
Анатоль у сваю чаргу адзначае, што ў Вікторыі яму падабаецца дабрыня і пачуццё гумару:
«Я люблю пажартаваць, і Вікторыя ўвесь час гэта разумее, калі б хтосьці там мог крыўдзіцца, то Вікторыя відавочна не такая».
Анатоль выказвае Вікторыі павагу за тое, што яна змагла змяніцца ў лепшы бок. Ён падкрэслівае, што гэта было вельмі складана, улічваючы, што Вікторыя вяла разгульны лад жыцця больш за дзесяць гадоў.
Вікторыя і Анатоль Rubakha Go. Скрын відэа: kate__svet / YouTube
Адзінае, што Анатолю складана прыняць, — гэта залежнасць Вікторыі ад шкодных звычак. Ён прызнаўся, што хацеў бы, каб яна завязала з алкаголем і, магчыма, з курэннем. Сам ён не курыць і не п'е.
Па словах Анатоля, цяпер Вікторыя выпівае намнога радзей, толькі па святах ці з сябрамі, адна гэтага не практыкуе. Блогер лічыць, што цалкам пазбавіцца ад гэтых звычак ёй наўрад ці ўдасца.
Анатоль адзначае, што ў Вікторыі ёсць вялікая сіла волі, бо яна «не баіцца чаго-небудзь» і стараецца спрабаваць новае.
Вікторыя лічыць Анатоля сваім сябрам. Па яе словах, яна адчула гэта не адразу, а прыкладна праз паўгода зносін. Яна цалкам давярае яму і лічыць, што ён давярае ёй.
Для Вікторыі блог стаў вобразам жыцця і працай. Яна ведае, што павінна быць у дамоўленым з Анатолем месцы, «як на працу людзі ходзяць».
На пытанне, ці не стала б ёй лягчэй, калі б Анатоль перастаў яе здымаць, жанчына дала адмоўны адказ і прызналася, што сумавала б па ім. Яна сцвярджае, што павінна быць важкая прычына для спынення здымак.
Разам з Анатолем Вікторыя пабывала ў Дубаі і Турцыі. Яна прызналася, што Дубай уразіў яе прыгажосцю, але там было занадта горача. Больш за ўсё ёй спадабалася Турцыя і адпачынак на моры. У будучыні яна хацела б паўтарыць паездку менавіта ў Турцыю.
Яшчэ адна мара, якой падзялілася жанчына, — завесці сабачку пароды чыхуахуа:
«Я хачу сабе завесці сабачку. Я жывёл вельмі люблю. У мяне ўвесь час з дзяцінства былі толькі коцікі. Я ўсё прасіла маму: «Сабачку хачу». Але яна не дазваляла. Вось зараз я хачу завесці сабе маленькага сабачку».
Пра абвінавачанні, што блогер эксплуатуе Вікторыю
Анатоль пастаянна сутыкаецца з абвінавачваннямі, што ён нібыта «эксплуатуе жанчыну, якая знаходзіцца ў складанай жыццёвай сітуацыі». Блогер аспрэчвае гэтыя заявы, падкрэсліваючы, што Вікторыя сама згодна на ўсе здымкі.
Ён прызнаўся, што раней негатыўныя каментары яго засмучалі, але цяпер ён прызвычаіўся.
Вікторыя з свайго боку адзначыла, што на хэйт ёй усё роўна, і яна не крыўдзіцца на каментарыі пра сваю знешнасць.
Расказваючы пра фінансавы бок праекта, Анатоль удакладніў, што Вікторыя не атрымлівае зарплату, але ёй выдзяляюцца грошы, і ён пакрывае ўсе яе патрэбы:
«Усё, што ёй трэба, мы купляем, плюс прадукты, камуналка, так што ўсё нармальна. (…)
«Вядома, у яе ёсць свае асабістыя грошы. Ды і, у прынцыпе, Вікторыя так асабліва ні на што не траціцца. Вось прадукты ў яе ёсць, і больш для яе нічога не патрэбна. (…) Часам мы ходзім у крамы, калі здымаем відэа, і вось купляем [адзенне]».
Па словах Анатоля, у Вікторыі кнопачны тэлефон, і «Wildberries» яна не карыстаецца. Жанчына не хоча пераходзіць на сэнсарны, і юнаку даводзіцца дапамагаць ёй у простых рэчах, напрыклад, выдаляць паведамленні.
Ці праўда, што Вікторыя маці Анатоля?
Такую версію часта пішуць у каментарах пад відэа. Але гэта няпраўда.
«Мая мама цяпер не працуе, а тата працуе ў Расіі, яшчэ ў мяне ёсць старэйшы брат і сястра. Мама вельмі добра ставіцца да праекту, падтрымлівае. З бацькамі ў прынцыпе ў нас кантакт добры. Думаю, што мы з Вікторыяй добрыя сябры, яна ўжо знаёмая з маімі бацькамі, груба кажучы, стала аддаленым членам сям'і», — расказаў Анатоль.
Асабістае жыццё Анатоля
Сам Анатоль нядаўна сышоў з універсітэта, дзе вучыўся на эканаміста, бо спецыяльнасць яму не падабалася. Ён дапускае, што ў будучыні можа пайсці на журналістыку ці стаць дантыстам (хоць адзначае, што ў яго дрэнна з хіміяй і біялогіяй).
У асабістым жыцці ў блогера пакуль цішыня: дзяўчыны ў яго няма, аднак сям'я можа з'явіцца спантанна. Ён шукае добрую дзяўчыну, якая была б «на адной хвалі» з ім, без сур'ёзных шкодных звычак. Анатоль прызнаўся, што хацеў бы мець дваіх дзяцей (першую — дзяўчынку).
Чытайце таксама:
17‑гадовы блогер з Гомеля выйграў BMW M4 і вырашыў на грошы ад яго купіць кватэру бяздомнай жанчыне
Блогер Rubakha Go набыў кватэру гераіні сваіх ролікаў Вікторыі
Як жыве бяздомная жанчына з Гомеля, якой блогер абяцаў купіць кватэру