«Нью Глен» адправіўся да Марса. Blue Origin Джэфа Безаса паспяхова запусціла ракету са спадарожнікамі НАСА
Для Blue Origin вялікім поспехам стаў не толькі сам па сабе старт «Нью Глен» (усяго другі ў гісторыі), але і бяспечнае вяртанне на Зямлю гіганцкага бустара першай ступені.
Фота: Miguel J. Rodriguez Carrillo/Getty Images
Касмічная кампанія Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса паспяхова запусціла з касмадрома на мысе Канаверал у Фларыдзе сваю ракету New Glenn, якая павінна даставіць да Марса два спадарожнікі амерыканскага касмічнага агенцтва НАСА, піша Бі-бі-сі.
Для Blue Origin вялікім поспехам стаў не толькі сам па сабе старт «Нью Глен» (усяго другі ў гісторыі), але і бяспечнае вяртанне на Зямлю гіганцкага бустара першай ступені.
Разгонны блок вышынёй у 17‑павярховы дом паспяхова апусціўся на плавучую платформу ў Атлантычным акіяне прыкладна праз 10 хвілін пасля старту. Бустар атрымаў назву «Never Tell Me the Odds» — гэта вядомая фраза героя кінаэпапеі «Зорныя войны» Хана Сола, якую можна перавесці як «Ніколі мне не кажы пра шанцы!»
Раней шматразовае выкарыстанне разгонных блокаў, якое значна змяншае кошт дастаўкі грузаў у космас, змагла ўкараніць толькі кампанія Space X Ілана Маска — галоўны канкурэнт Blue Origin — з яе папулярнай ракетай Falcon.
Пасля прызямлення бустара Маск напісаў кароткае паведамленне ў сваёй сацсетцы Х, у якім павіншаваў Безаса з поспехам.
Падчас першага старту New Glenn, у студзені гэтага года, ракету ўдалося вывесці ў космас, але бустэр быў страчаны.
Эксперты спадзяюцца, што цяпер Blue Origin зможа наладзіць рэгулярныя старты ракет, якія выкарыстоўваюць разгонныя блокі зноў і зноў. «Запуск, прызямленне, паўтор працэдуры. Гэта пачынаецца сёння», — сказаў з гэтай нагоды Эдзі Сэйферт, адзін з тых, хто каментаваў запуск у інтэрнэце (цытата па агенцтву AFP).
Ракета New Glenn названа ў гонар Джона Глена — першага амерыканскага астранаўта, які выйшаў на арбіту Зямлі больш за 60 гадоў таму.
Місія да Марса
Запуск New Glenn са спадарожнікамі НАСА стаў першай камерцыйнай місіяй па дастаўцы грузаў у космас, якую паспяхова пачала кампанія Blue Origin.
На борце ракеты знаходзяцца два спадарожнікі пад назвай Blue і Gold (то бок «сіні» і «залаты»), якія павінны дасягнуць Марса ў 2027 годзе і выйсці на эліптычныя арбіты вакол планеты.
Як піша агенцтва Reuters, пасля гэтага яны будуць на працягу 11 месяцаў вывучаць касмічнае надвор'е каля планеты: іх апаратура стане рэгістраваць асаблівасці ўзаемадзеяння касмічнага ветру (пастаяннага патоку часціц з кароны Сонца) з адносна слабым магнітным полем Марса. У тым ліку навукоўцы спадзяюцца з іх дапамогай зразумець, як гэта ўзаемадзеянне можа ўплываць на знясіленне марсіянскай атмасферы.
Джозеф Уэстлэйк, спецыяліст НАСА ў галіне геліяфізікі, растлумачыў у стрыме, што апараты Blue і Gold спачатку знойдуць «спрыяльнае і бяспечнае месца для парковачнай арбіты», каб зрабіць «назіранні пра касмічнае надвор'е ў нас на Зямлі» (цытата па агенцтву AFP).
А восенню 2026 года, калі Зямля і Марс апынуцца ў зручным становішчы адзін насупраць аднаго, ракета «адштурхнецца» ад зямнога прыцягнення і пачне шлях да Марса.
Такі тып запускаў можа дазволіць адпраўляць місіі да Марса часцей, паколькі для яго не патрабуецца чакаць патрэбнага «акна» ў становішчы дзвюх планет (яно адкрываецца прыкладна адзін раз у два гады).