БЕЛ Ł РУС

Словы пінскага чыноўніка прымусілі многіх успомніць рэцэпт самай смачнай стравы. «Флэшбэк у дзяцінства!»

20.11.2025 / 8:30

Максім Сыраежка

Паглядзеўшы ролік пра віцэ-мэра Пінска Дзмітрыя Палхоўскага, які сярод самых смачных страў, якія варта пакаштаваць турысту на Піншчыне, назваў «товканыцю», людзі пачалі згадваць, як гэтую страву гатуюць у іх мясцовасці, і ўдакладняць рэцэпты.

Ілюстрацыйны здымак з сацыяльных сетак

«Таўканіца — гэта не проста пюрэ!»

«Товканыця…. Бабуля заўсёды гатавала, калі прыязджала да яе ў госці», — з настальгіяй згадвае адна глядачка. І яе лайкамі падтрымала амаль 550 іншых.

«Мая бабуля таксама так называла — товканіца. Яна з Іванава», — дадае іншая.

«Мая з Моладава. Іванаўскі раён», — удакладняе аўтарка допісу.

Гледачы згадваюць варыянты гатавання і падачы гэтай стравы:

«Товканыця… Адно слова мяне вярнула ў дзяцінства. На канікулах у бабулі ў Іванаўскім раёне. Гэта не проста тоўчаная бульба, гэта КАРТОПЛІ ТОЎЧАНЫЯ І ЗАСМАЖАНЫЯ ШКВАРКАМІ З ЦЫБУХАМІ. Пах ад гэтай стравы надзвычайны».

«Флэшбэк у дзяцінства атрымаў ад слова «товканыця». Бабуля так называла. Товканыця са скваркамі, з цыбуляй і кубак кіслага малака».

«З баршчом з квашанай капусты з грыбамі сушанымі ўвогуле бомба. Смачней, хіба што, няма».

«Мы бліжэй да Бярозы Брэсцкай вобласці жывём. І ў нас товканыца — гэта тоўчаная бульба з засмажаным салам і цыбуляй. Вельмі смачна».

«Товканыця — гэта вараная тоўчаная бульба з скваркамі і цыбуляй смажанай. Можна зверху пасыпаць кропам свежым».

З печы — сама смачна

Гледачы сцвярджаюць, што асаблівы смак блюда дадае яго прыгатаванне ў печы:

«І не проста тоўчаная бульба, а потым яшчэ ў печы запечаная з зажарачкай. Гэта вельмі смачна».

«Товканыця — гэта не проста тоўчаная бульба! Пюрэ са скваркамі і цыбуляй у печ. І зверху ўтвараецца скарыначка румяная. Мммм, смаката».

«Вараную бульбу запраўлялі смажаным салам з скваркамі і цыбуляй. Рабілі пюрэ, якое складвалі ў вялікую глыбокую гліняную місу з накрыўкай і ў печ таміцца… Смак дзяцінства, Бярозаўскі раён».

Шмат хто сцвярджае, што товканыця з печы — самае смачнае страва:

«Гэта такая смаката, калі з печы дастанеш, ды яшчэ з кіслай капустай».

«Самая смачная ежа — гэта товканіца. Асабліва ў печы якая стаіць. Гэта не апісаць, як смачна».

«(…) Вельмі смачна. Асабліва, калі яе ў печы запячы. Смачней не прыдумаеш».

«Не проста тоўчаная, а з цыбуляй і скваркай, ды яшчэ [калі] ў печы пастаіць, ды скарыначкай парыецца. Ммм. Слінай можна падавіцца».

Не пюрэ

«Каля я правільна зразумела, гаворка ідзе пра бульбяное пюрэ», — заўважае глядачка, і дадае, што ў яе мясцовасці, што за 60 кіламетраў ад Пінска, гэту страву называюць «таўпеня».

«Не. Дадаюць тлустае мяса і без малака ці вады», — папраўляюць яе.

Пра тое, што не трэба блытаць пюрэ і товканыцю, даводзяць і іншыя:

«Пюрэ робяць з малаком і маслам. [А гэтую страву] ў нас называюць «камякі». Яны робяцца з зажаркай. Гэта вельмі смачна».

«Пюрэ і товканыца — асобныя стравы».

«А ў нас называюць …»

У каментарыях — сапраўдная пераклічка паміж гледачамі. Яны дзеляцца назвамі гэтай стравы ў розных мясцовасцях.

«Мае бацькі называлі гэта таўкеня».

«І ў нас так, у Брэсцкім раёне».

«Вёска каля Белаазерска — товкэня».

«Товканыця (пюрэ, бульба) — Камянецкі раён».

«У нас таўкучка называецца па вёсках».

«Я з Кобрынскага раёна. І ў нас «товканыця».

«А ў нас кажуць «каўма».

«Товканіца. Лунінецкі раён».

«Так. У нас у вёсцы, Брэсцкая вобласць, Жабінкаўскі раён, такая страва была і таксама называлася».

«У нас у Рэчыцкім раёне называлі «камы» гэту страву. Вельмі любіла, калі бабуля яе гатавала. А пах стаяў — абалдзець».

«Хто тут нарадзіўся і вырас, усе зразумелі»

«А што тут складанага і незразумелага?», — дзівіцца яшчэ адзін глядач. І тлумачыць: «У Пінску — товканыця, у Мінску бабуля мятанкай гэта называла. Але гэта не проста тоўчаная бульба, а бульба тоўчаная з падсмажанымі дробным скваркамі з цыбуляй без дадатку масла і малака».

«Хто жыве ў Беларусі, хто тут нарадзіўся і вырас, усе зразумелі, што за страва!!!» — рэзюмуе іншы.

Чытайце таксама:

Чыноўнік з Пінска стаў мемам

Драць ці таркаваць? Капаць ці выбіраць? Разбіраемся ў беларускай бульбе

Бульбяная бабка

Таўканіца, крышаны, гарбузовая каша ды іншыя кулінарныя радасці дзяцінства ў Драгічыне

Каментары да артыкула