У Тайландзе знік беларускі мастак
На платформе GoFundMe размешчаны зварот сястры мастака Юліяны, дзе яна паведамляе, што Макар Маліноўскі знік без вестак у Тайландзе каля года таму. Сям'я асцерагаецца, што ён мог трапіць у адзін з ашуканскіх цэнтраў, піша «Салідарнасць».
Фота: gofundme.com
Юліяна Маліноўская піша ў звароце:
«Таленавіты мастак і музыкант, Макар — добрая душа, якая прысвяціла сваё жыццё таму, каб дапамагаць іншым здабыць свой голас. У памяць пра нашага нябожчыка брата ён заснаваў гуказапісвальны лэйбл FOGLEB для падтрымкі творчых людзей, якія перажываюць цяжкасці. Атрымаўшы стыпендыі на навучанне ў Італіі і ЗША, ён стаў паспяховым мастаком.
Макар Маліноўскі ў 2016 годзе. Фота: «Наша Ніва»
Сястра паведамляе, што апошнім разам сваякі размаўлялі з Макарам у сярэдзіне лістапада 2024 года:
«Амаль год наша сям'я рабіла ўсё магчымае ў Беларусі і Польшчы, звяртаючыся да ўладаў Тайланда, няўрадавых арганізацый і пасольстваў, але беспаспяхова. Нам удалося наняць прыватнага дэтэктыва ў Тайландзе, але, на жаль, пошукі не прывялі ні да знаходжання Макара, ні да якой-небудзь пацверджанай інфармацыі пра яго месцазнаходжанне.
Цяпер мы ўсё больш асцерагаемся, што ён мог трапіць у адзін з ашуканскіх цэнтраў, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Макар у той час шукаў працу і быў ва ўразлівым становішчы, што магло зрабіць яго лёгкай здабычай для эксплуатацыі».
На платформе GoFundMe ідзе збор сродкаў, каб наняць яшчэ аднаго прыватнага дэтэктыва для працы над новымі зачэпкамі па пошуку беларуса.
Чытайце таксама:
«Зноў прызвычайваюся да жыцця ў Беларусі». Гісторыі людзей, якія з’ехалі вучыцца за мяжу і вярнуліся