БЕЛ Ł РУС

Белстат прапануе зрабіць удзел у перапісе насельніцтва абавязковым

14.11.2025 / 20:6

Nashaniva.com

Белстат прапануе змяніць закон аб перапісе насельніцтва і зрабіць удзел у ім абавязковым для ўсіх грамадзян. Адпаведны праект закона 14 лістапада вынесены на грамадскае абмеркаванне.

Фота ілюстрацыйнае

Як тлумачаць аўтары законапраекта, новыя праўкі павінны зрабіць перапіс больш эфектыўным і нібыта наблізіць яго да міжнародных нормаў і рэкамендацый.

Галоўнае новаўвядзенне, якое прапануюць увесці — абавязак грамадзяніна не толькі не перашкаджаць перапісу, як пазначана ў законах цяпер, але і абавязкова ўдзельнічаць у ім і падаваць праўдзівыя звесткі. Пры гэтым асобнай адказнасці за адмову ўдзельнічаць у перапісе ў дакуменце не прадугледжана — у ім застаецца толькі агульная фармулёўка, што парушэнне заканадаўства цягне адказнасць, устаноўленую законамі.

Белстат таксама прапануе знізіць узрост, з якога чалавек можа самастойна запаўняць перапісныя лісты, да 15 гадоў. Гэта патлумачылі тым, што падчас перапісу 2019 года ўзнікалі цяжкасці са студэнтамі і падлеткамі, якія жывуць асобна ад бацькоў, але па законе яшчэ не паўналетнія.

Акрамя таго, законапраект прадугледжвае новы спосаб удзелу ў перапісе — праз інтэрнэт з дапамогай спецыяльнай праграмы. Раней інфармацыю можна было падаць толькі пры асабістым апытанні па месцы жыхарства або на перапісных участках.

Абмеркаванне законапраекта будзе працягвацца да 23 лістапада 2025 года.

Чытайце таксама:

Пробны перапіс насельніцтва пройдзе ў 2027 годзе

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019‑га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек

Па-беларуску зараз навучаецца ўсяго 8% школьнікаў

Каментары да артыкула