БЕЛ Ł РУС

У «Мінск-Арэну» на канцэрт Дзімы Білана набіўся тлум народу. Гледачы скардзяцца на праблемы з квіткамі і паводзіны іншых

16.11.2025 / 18:25

Міра Нікановіч

Учора расійскі спявак Дзіма Білан сабраў «Мінск-Арэну». У сацсетках некаторыя абураюцца арганізацыяй, бо людзі трапілі зусім не на тыя месцы, якія планавалі. «Наша Ніва» пачытала, што пішуць.

Фота: скрын з тыктоку

Не ўсе наведнікі канцэрта здолелі беспраблемна заняць свае месцы. Адна з карыстальніц расказала ў сацсетцы Threads сваю гісторыю:

«Прыйшлі ўчатырох на канцэрт, а нашы месцы ўжо занятыя. Упершыню сутыкаюся з авербукінгам на канцэрты […]

На канцэрт трапілі, нам памянялі месцы. Але пост не выдаляю, бо перажыла стрэс».

Жанчына апублікавала фота з людзьмі, якія сутыкнуліся з той жа праблемай — з іх утварылася цэлая чарга:

Фота: elena.lubit.travel / Threads

Жанчына патлумачыла, што каб перасадзіць яе з сябрамі, спатрэбілася не менш за 40 хвілін. У гэты час давялося бегаць паміж сектарамі і стаяць у доўгай чарзе да супрацоўніка, які пераразмяркоўваў месцы.

Праблема, верагодна, была звязаная з сэрвісам kvitki.by, дзе частка людзей магла набыць квіткі — той сэрвіс цяпер у працэсе ліквідацыі:

«Квота дзеліцца паміж аператарамі. У пэўны момант проста стала немагчыма даведацца, якія [квіткі] прададзеныя, а якія — свабодныя, раз — і пустата. А выгружаць кожную хвіліну тэхнічна немагчыма».

А вось іншая гісторыя з каментароў:

«Я прыйшла на сваё месца за 200 рублёў, а замест сцэны там бачнае чорнае палатно (трыбуна D, сектар Bh, і нас такіх нямала было). Па выніку нас перасадзілі ў партэр і ўсё было супер, але спачатку я проста ў шоку была».

Фішкай канцэрту былі палёты Білана проста падчас спеваў.

Многім гледачам шоу спадабалася. А вось у некаторых былі прэтэнзіі не да арганізатараў, а да іншых наведнікаў канцэрту.

«Да Біланчыка пытанняў няма, ён як заўжды цудоўны. Але тое пачуццё, калі набыў квіток у партэр на першы рад, а аказаўся на танцполе… Людзі, вы як дзікуны! Кінуліся да гэтай сцэны.

Палову канцэрту ахова стрымлівала людзей, але рэшта канцэрту была п*ц. Вельмі крыўдна было глядзець у спіны людзей, якія прыпёрліся да сцэны са сваіх далёкіх месцаў», — піша карыстальніца Threads.

Адпісаліся ў Threads і тыя, хто прыйшоў на канцэрт менавіта патанчыць, хаця б і на сваім месцы.

«Дно прабітае. Давялося сварыцца з персаналам і казаць, што тут канцэрт, а не памінкі, і тут трэба танчыць, а не сядзець! Мая ўзяла».

Людзі адзначалі і іншыя нюансы падчас шоу.

«У цэлым канцэрт неблагі, але было шмат нюансаў. Не лічачы перасадку, вельмі раз'юшылі ахоўнікі, якія штурхалі, моцна і без разбору. Калі ведалі, што Білан будзе хадзіць па радах, тады трэба было арганізаваць нармальна, а не штурхаць!

Асабліва дзяўчына-ахоўніца напружыла, якая стаяла каля мяне і проста трымала. Настрой яна мне моцна сапсавала. Асадачак застаўся».

Чытайце таксама:

Піт Паўлаў: «У N.R.M. былі і дзікая папулярнасць, і наватарства. Зробім апошнія канцэрты прыгожымі»

Пра беларускі гурт Soyuz больш ведаюць замежнікі, чым суайчыннікі

Ганна Бонд у захапленні ад канцэрта Лепса. Але пакрыўдзілася на абурэнне сваіх падпісчыкаў

Каментары да артыкула