Студэнтка ў Мінску забрала $20 тысяч для махляроў, села на цягнік, але перадумала і звярнулася ў міліцыю
У Мінску ў міліцыю звярнулася 18‑гадовая студэнтка і расказала, што па заданні незнаёмца забрала грошы ў дзвюх пенсіянерак. Яна села на цягнік да суседняй краіны, аднак у дарозе зразумела, што была ўцягнутая ў махлярства, паведамляе сталічная міліцыя.
За два дні да гэтага аферысты патэлефанавалі студэнтцы пад выглядам супрацоўнікаў «Белпошты» і папрасілі забраць пасылку. Яна згадзілася і назвала код з СМС. Пасля гэтага з ёй звязаўся лжэправаахоўнік.
Ён пад пагрозай крымінальнай адказнасці пераканаў студэнтку супрацоўнічаць і дапамагаць такім жа падманутым мінчанам.
Дзяўчына з’ездзіла па двух адрасах, дзе назвала кодавыя словы і забрала ў жанчын каля $20 тыс. Увечары яна расказала пра ўсё сяброўкам. Пасля размовы з імі пачала сумнявацца ў сваіх дзеяннях, аднак усё ж купіла білет на цягнік. Але, даехаўшы да Оршы, перадумала і звярнулася ў міліцыю.
Грошы канфіскаваныя і будуць вернутыя пацярпелым. Студэнтка пазбегла крымінальнай адказнасці за ўдзел у злачыннай схеме.