БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка абурыўся, што вада з Прыпяці цячэ ва Украіну

18.11.2025 / 14:49

Nashaniva.com

Палітык сёння правёў нараду па развіцці прыпяцкага Палесся.

Сярод іншага, ён звярнуў увагу на водныя рэсурсы, галоўны з якіх — Прыпяць: «Куды сыходзяць гэтыя воды? Ладна б Украіна карысталася напоўніцу дняпроўскімі водамі… У мора сыходзяць гэтыя воды. Дык чаму ж мы сёння не думаем пра тое, што гэтую ваду трэба «павярнуць назад» тады, калі трэба, і туды, куды трэба?».

У сувязі з гэтым ён згадаў, што кіраўніцтва Гомельскай вобласці прапаноўвала яму вярнуцца да тэмы Дняпроўска-Бугскіх каналаў. Аляксандр Лукашэнка даручаў старшыні аблвыканкама Івану Крупко ўнесці прапанову.

«Ён мне як унёс прапанову — у мяне ў вачах пацямнела. Бо такіх агромністых грошай у нас проста няма», — сказаў ён.

Прыпяць.

Аляксандр Лукашэнка тым не менш адзначыў, што наконт гэтай ідэі трэба яшчэ параіцца з абазнанымі і разумеючымі людзьмі, якія пранікліся дадзенай тэмай: «Калі трэба гэтым шляхам ісці і гэта акупіцца і прынясе вынік Гомельскай вобласці — перахрэсцімся і пачнём рабіць. Таму трэба давесці ўсё да розуму. Не тое што дзесьці ідэю пачулі добрую і бабахнулі: «Давайце грошы!». Трэба разумець. Ёсць у нас грошы ці няма, будуць ці не, дасць вынік ці не. Калі дасць — будзем шукаць грошы».

«Мы гэты задзел — сістэмы Дняпроўска-Бугскіх каналаў — не загубілі. І сёння, калі патрэбная вільгаць на палях, ён можа моцна прыдацца. Але мы не павінны ісці ўсляпую. Трэба найсур’ёзнейшым чынам гэтае пытанне прапрацаваць. Падумайце над формулай цаны пытання», — дадаў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула