«Былі сталінкі, хрушчоўкі, а цяпер будуць сямашкі». У цэнтры Гродна сабраліся рэстаўраваць Дом быту — праект не ўсе ацанілі
У абласным цэнтры паказалі праект рэстаўрацыі будынка Дому быту, які месціцца ў гістарычным цэнтры. Займацца перабудовай будзе гродзенскі «гатэльны кароль» Станіслаў Сямашка.
Рэндар, як будзе выглядаць будынак Дому быту пасля рэканструкцыі. Фота: тэлеграм @grodno_ispolkom
У стылі «пад даўніну»
Былы Дом быту выкупіў гродзенскі бізнесовец Станіслаў Сямашка. Цяпер ён прадставіў праект, як будзе выглядаць абноўлены будынак, і расказаў, што ў ім размесцяць.
Гродзенскі Дом быту пабудаваны ў 1971 годзе ў стылі савецкага мадэрнізму. Сямашка плануе перабудаваць яго ў стылі «пад даўніну».
Нягледзячы на тое што грамадскія абмеркаванні яшчэ ідуць і працягнуцца да 8 снежня, бізнесовец упэўнены, што праз восем месяцаў рэканструкцыя ўжо будзе завершаная.
Згодна з планам, на першым паверсе размесцяцца кафэ, кветкавая крама і іншыя аб’екты сэрвісу. Другі паверх зоймуць офісныя памяшканні і інтэрнэт-клубы. На верхніх узроўнях з’явяцца апартаменты для доўгатэрміновай арэнды або куплі.
У будынка з’явіцца таксама дадатковы мансардны паверх.
«Калгасны стыль з размяшчэннем амурчыкаў па коле»
Мяркуючы з каментароў гродзенцаў у сацыяльных сетках, далёка не ўсе падтрымліваюць ідэю перабудовы Дома быту ў такім стылі.
«Агра-трэш у стылі Сямашкі», — гучыць адзін з самых папулярных каментароў пад відэа ў акаўнце ТРК «Гродна» ў інстаграм.
«Былі сталінкі, хрушчоўкі, а цяпер будуць «сямашкі». Сумна, што вялікія грошы і магчымасці не ідуць у камплекце з добрым густам», — напісаў іншы гарадзенец.
Гэта будзе ўжо не першы будынак у цэнтры Гродна, які належыць бізнесоўцу. Таму ў нейкім сэнсе можна сказаць, што Сямашка сапраўды мае свой стыль. Вынікі яго працы выклікаюць неадназначныя ацэнкі ў гараджан.
Апарт-гатэль і гандлёвы цэнтр «Палац». Абодва будынкі належаць Сямашку. Фота: Яндэкс Панарамы
«Сямашка як заўжды зробіць усё ў сваім калгасным стылі з размяшчэннем амурчыкаў па коле», — піша жанчына.
«Навошта будаваць псеўдагістарычны будынак? Лепш проста абнавіць і пакінуць шкляны варыянт. У Гродне і так шмат гістарычных дамоў, якім сапраўды трэба вярнуць першапачатковы выгляд, а не ўзводзіць нешта пад даўніну», — мяркуе іншы каментатар.
Рэндар, як будзе выглядаць будынак Дому быту пасля рэканструкцыі. Фота: тэлеграм @grodno_ispolkom
«Навошта на мадэрновы будынак навешваць дэкарацыі «даўніны»? Гэта не б’ецца зусім. Ёсць мноства спосабаў папрацаваць з будынкамі гэтай эпохі, а не ляпіць Франкенштэйна», — абураецца гарадзенка.
«Добрага дызайнера ў кампаніі спадара Сямашкі адназначна не хапае!» — дадае іншы чалавек.
Не толькі гродзенцы раскрытывалі праект.
«Гэта не стыль, гэта смецце. Тут нават архітэктарам быць не трэба, каб разумець — гэта проста адстой. Госпадзі, ну інтэрнэт жа ёсць, пагуглі, паглядзі трэнды, паглядзі, што будуюць у свеце. Ну калі няма густу, дык паглядзі на працы тых, у каго ён ёсць. Хоць я і не з Гродна, але крыўдна за горад, калі ў 2025‑м такім вось забудоўваюць гістарычны цэнтр», — такі камент пакінулі пад гэтай навіной у інстаграм-акаўнце «АўтаГродна».
Адзін з карыстальнікаў нават пажартаваў, што Сямашка ўзяў чарговы будынак у закладнікі.
Сярод каментатараў таксама даволі папулярнае меркаванне, што гэты будынак і ў цяперашнім выглядзе не ўпісваецца ў забудову, таму яго наогул варта знесці.
Так былы Дом быту ў Гродне выглядае цяпер. Фота: Яндэкс Панарамы
«А Сямашка малайчына!»
Але ёсць і тыя, хто дзякуе Сямашку. Асабліва пад відэа, размешчаным у інстаграме ТРК «Гродна».
«Мне падабаецца, як шмат людзей асуджаюць тое, што робіць Сямашка. І як правіла, гэта тыя, хто сам для горада нічога не зрабіў — ні паперку за сабой не прыбраў, ні кусцік не пасадзіў. Лёгка прыніжаць чужыя дасягненні. А Сямашка малайчына. Былі «гнілыя зубы» ў цэнтры, а цяпер становіцца прыгажэй», — адзначыла гараджанка.
Яшчэ адна жанчына таксама падтрымала бізнесоўца.
«Малайчына! Чалавек, які сваёй працай і ўчынкамі робіць жыццё ў горадзе лепшым!»
На што ў адказ адзін з гродзенцаў заўважыў, што перадусім ён робіць жыццё лепшым сабе. А гістарычны цэнтр Гродна ад такіх неспецыялістаў трэба абараняць.