БЕЛ Ł РУС

Мінчанка абвінаваціла правінцыялаў, якія імкнуцца ў сталіцу, у калгасным менталітэце. Ёй адказалі

18.11.2025 / 22:7

Nashaniva.com

У сацсетках разгарэлася гарачая дыскусія пасля допісу ад мінчанкі, якая абурылася масавым перасяленнем жыхароў іншых гарадоў у Мінск. «Што вамі кіруе? Калгасны менталітэт пад назвай «любымі шляхамі, але толькі ў Мінск»?» — абуралася жанчына, сабраўшы больш за тысячу каментароў, на што звярнуў увагу «Смартпрэс».

Мінчанка сцвярджала, што наплыў новых жыхароў стварае «абарыгенам» штодзённыя нязручнасці: чэргі ў крамах і банках, цяжка ўціснуцца ў грамадскі транспарт у час пік, немагчыма запісацца да доктара.

Аднак многія каментатары не падзяляюць яе абурэння. Большасць нагадала пра эканамічныя прычыны пераезду: у Мінску вышэйшыя заробкі і больш магчымасцяў для кар’еры. Некаторыя нават з іроніяй адзначалі, што ў невялікіх гарадах невялікая і колькасць вакансій.

Акрамя таго, карыстальнікі нагадвалі аўтарцы пра яе ўласнае паходжанне і такім чынам ставілі пад сумнеў права называць іншых «панаехаўшымі». Маўляў, у 1944 годзе ў Мінску засталося толькі 40 тысяч жыхароў, таму цяпер у сталіцы жывуць у пераважнай большасці «панаехаўшыя» і іх нашчадкі.

Многія каментатары прапанавалі абуранай жанчыне простае рашэнне — самой пераехаць з перапоўненага Мінска ў абласныя гарады.

Хутка дыскусія ўвогуле перайшла да пытанняў права на самарэалізацыю і талерантнасці: людзі маюць права жыць там, дзе ім зручна, і шукаць лепшага жыцця, а крытыка «калгаснага менталітэту» выглядае неабгрунтаванай.

Чытайце таксама:

Насельніцтва Мінска не расце, але паглядзіце, як прыбавілася колькасць жыхароў у Новай Баравой і іншым прыгарадзе

Лукашэнка загадаў развіваць Мінск без шкляных будынкаў, бетону і перанаселенасці

Мужчыны і Лукашэнка: беларусы шукаюць вінаватых у дэмаграфічнай катастрофе

Прадстаўніца Акадэміі навук раскрыла ўзровень нараджальнасці ў Беларусі. Ён жахліва нізкі

Мяркуючы па пасажырапатоку транспарту, насельніцтва Беларусі з 2019‑га скарацілася, можа, нават на 1,2 мільёна чалавек

Каментары да артыкула