На выратаванне вядомага касцёла дзяржава так і не знайшла грошай і звярнулася да грамадзян
Магілёўскі райвыканкам 18 лістапада абвясціў аб зборы ахвяраванняў для правядзення супрацьаварыйных мерапрыемстваў і кансервацыйных работ закінутага касцёла святога Мікалая ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна — папулярнага месца для фотасесій, піша Katolik.life.
Публікацыю назвалі «зваротам да спадкаемцаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў Магілёўшчыны» і адзначылі, што будынак храма мае патрэбу ў правядзенні тэрміновых супрацьаварыйных і кансервацыйных работ. Для гэтага адкрылі дабрачынны рахунак і звярнуліся «да ўсіх неабыякавых з просьбай аказаць фінансавую дапамогу».
Будынак XVII стагоддзя ўваходзіць у спіс помнікаў архітэктуры, якія ахоўваюцца дзяржавай. Але на працягу некалькіх гадоў грошай у бюджэце нават на кансервацыю будынка так і не знайшлі.
Яшчэ ў 2015 годзе касцёл у Княжыцах, які ўваходзіць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны, уключылі ў рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі ў Магілёўскім раёне дзяржпраграмы «Культура Беларусі» на 2016‑2020 гады. На аднаўленчыя работы абяцалі выдзеліць каля 370 тысяч рублёў. Але сродкаў ні ў раённым, ні ў абласным бюджэтах не знайшлося.
Па законе, захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці абавязаны забяспечыць уласнік. Будынак стаіць на балансе Княжыцкага сельвыканкама, але ўсё, што там змаглі зрабіць — абнеслі небяспечны аб'ект драўляным плотам, забілі ўсе ўваходы, па перыметры развесілі шыльды: «Уваход забаронены».
У 2024 годзе мясцовыя жыхары накіроўвалі петыцыю з просьбай аднавіць гэты аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны. Але сродкаў так і не выдзелілі нават на мінімальныя работы.
Цяпер грошы спрабуюць сабраць праз дабрачынны рахунак. Пералічыць ахвяраванні можна па гэтых рэквізітах:
№ BY67AKBB36410573113537000000 у ААТ АСБ «Беларусбанк»
МОУ №700, BICAKBBBY2Х, УНП 700020223
з пазнакай «Касцёл св. Мікалая» ў аг. Княжыцы Магілёўскага раёна
Чытайце таксама:
Найменшы ў самым маленькім касцёле: у Беларусі з'явіўся новы арган
Ксёндз у Беняконях трымае 300 індыкоў, кур і перапёлак
Апублікавалі праект новага касцёла ў Магілёве
Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску ФОТАФАКТ