Грамадства22

Ксёндз у Беняконях трымае 300 індыкоў, кур і перапёлак

«Гэта нармальная практыка — прыйсці да ксяндза па яйкі ці мяса. Цяпер вось рыхтую на ўбой бройлерных індыкоў».

Ксёндз Станіслаў Лабан. Фота: grodnensis.by

Ксёндз канонік Станіслаў Лабан, пробашч велічнага касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях, ужо амаль 25 гадоў спалучае служэнне ў парафіі з утрыманнем вялізарнай гаспадаркі. Але ён падкрэслівае, што на першым месцы ў яго заўсёды застаецца парафія і штодзённае служэнне, піша grodnensis.by.

Ксёндз Станіслаў — з вясковай сям’і. Яго бацькі мелі вялікую гаспадарку, працавалі ў калгасах — трэба было ім дапамагаць. «Напэўна, адтуль і пайшла любоў да жывёл, — распавядае ксёндз Станіслаў. — Трымаў я і птушак малых, і акварыумы розныя былі».

У Беняконі святар прыехаў адразу пасля заканчэння духоўнай семінарыі, амаль 25 гадоў таму. Распачаў служэнне ў мясцовым касцёле імя св. Яна Хрысціцеля, збудаваным у пачатку ХХ стагоддзя, які заўсёды прыцягваў турыстаў. Вялікай была і тэрыторыя, якая належала парафіі. Таму ксёндз вырашыў яе неяк добраўпарадкаваць. 

«Парафіяне дапамаглі збудаваць вальеры, хлявы — былі свінкі, авечкі, козачкі. Вырылі возера — завялі гусей, качак, лебедзяў, запусцілі рыбу, — гаворыць ксёндз Станіслаў.

У тыя часы на тэрыторыі паўстаў вялікі заапарк: 8‑10 відаў фазанаў, 5 відаў паўлінаў, страусы, перапёлкі. Каб назбіраць гэткую разнастайнасць, ён аб’ездзіў усю Беларусь, шукаў за мяжой. «Меў такіх дэкаратыўных птушак, якіх раней у нашай краіне ніколі не было» — кажа ён. 

Святар згадвае, што «на тыдзень фазанам даваў 2‑3 мяхі зерня, страусам — кожны дзень па вядры аўса». «Вельмі шмат людзей прыязджалі паглядзець на заапарк. Мясцовыя дзеці заўсёды тут бавілі час», — дзеліцца ўспамінамі ксёндз Станіслаў.

Але з узростам стала няпроста трымаць столькі галоў жывёлы. «У адзін дзень я вырашыў ліквідаваць усё. Выставіў аб’явы з таннымі коштамі і распрадаў гаспадарку за тры дні. Людзі прыязджалі з Магілёва, Брэста, Віцебска», — распавядае святар.

Сёння ксёндз Станіслаў разводзіць толькі свойскіх птушак: кур-нясушак, бройлераў, перапёлак, індыкоў.

«У мяне трыста розных асобін, — дадае святар. — Гэта нармальная практыка — прыйсці да ксяндза па яйкі ці мяса. Зараз вось рыхтую на ўбой бройлерных індыкоў».

Сам ксёндз Станіслаў прызнаецца, што ён ужывае толькі натуральныя прадукты. Мае вялікі агарод. У магазіне амаль нічога не купляе. Рыбу ловіць ці набывае толькі рачную.

Трымае таксама сабак, трусоў, пчол. Турысты, якія прыязджаюць паглядзець мясцовы касцёл, заўсёды ахвочыя скаштаваць мядку ў ксяндза. Экскурсаводы, калі дамаўляюцца правесці тур па святыні, цікавяцца пра магчымасць набыць свежы мёд.

Парафія — найважнейшае

Святар штодня ўстае а 6‑й гадзіне раніцы, каб пакарміць жывёлу. Вяртаецца адпачываць толькі пасля 9‑й вечара. Кажа, хутка набліжаецца зіма — «можа быць халодны хлеў, але не можа быць голаду: свойскай жывёле неабходна забяспечыць добрую кармёжку». «Вось узяць пчол. Іх ніхто не ўцяпляе, але ім трэба больш корму даць з восені», — тлумачыць ён.

Святар падкрэслівае, што на першым месцы ў яго заўжды парафія. «У касцёле святыя Імшы кожны дзень, людзі прыходзяць на малітву. Я падтрымліваю вернікаў, наведваю хворых», — гаворыць ён.

А калі яму трэба з’ехаць на некалькі дзён, парафіяне дапамагаюць па гаспадарцы. «Яны ведаюць, дзе ўсё стаіць», — кажа святар.

За апошнія гады мясцовая парафія паменшыла: з колішніх трох тысяч вернікаў засталося каля тысячы. Сёння людзі з’язджаюць з вёсак, мала хто займаецца сельскай гаспадаркай. Аднак ксёндз Станіслаў трымаецца бадзёра, хоць грандыёзных планаў не будуе — зазначае, што яму, «дзякуй Богу, усяго хапае».

Каментары2

  • Не,я не супраць
    12.11.2025
    Усё так, акрамя невялічкай памылачкі, не "любоў да жывёл", а любоў да смажаных (вараных, тушаных) жывёл.
  • даведка
    12.11.2025
    Все, кто хотел, давно уехали из деревне, остальные прихожане просто вымирают.

Цяпер чытаюць

Даляр зноў па тры рублі. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей2

Даляр зноў па тры рублі. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей

Усе навіны →
Усе навіны

У Грузіі цягнік насмерць збіў беларуса3

Пасланнік Трампа Кушнер сустрэўся з лідарам ХАМАС1

Тры стравы і больш паўфабрыкатаў. Як зменіцца харчаванне ў школах Мінска

Камандуючы ВПС: Колькасць замежных войскаў ля межаў Беларусі зменшылася, з краінамі НАТА ідзе ўзаемадзеянне4

Чалавецтва такое генетычна разнастайнае дзякуючы смяротнай малярыі, якая тысячагоддзямі дзяліла Афрыку на ізаляваныя рэгіёны3

Расія сцягвае вайсковы флот у Балтыйскае мора пасля пагроз Пуціна ў бок Еўропы13

Беларуса ў жаданні абмежаваць паўсюдную рэкламу казіно падтрымала Мінгандлю. Але прапагандысты параілі яму «не лезці не туды»10

Украіна пачала выкарыстоўваць брытанскія дроны для далёкіх удараў па тэрыторыі Расіі

Дачцэ Біла Гейтса можа пагражаць да 20 гадоў турмы з-за махлярства з кукі-файламі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даляр зноў па тры рублі. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей2

Даляр зноў па тры рублі. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць