Следства прызнала невінаватасць кіроўцы тралейбуса, які на пераходзе збіў пешахода ў Магілёве
Днём 25 верасня на праспекце Пушкінскім у Магілёве 39‑гадовы мужчына трапіў пад колы тралейбуса і атрымаў цяжкія траўмы. У дачыненні вадзіцеля грамадскага транспарту была распачатая крымінальная справа.
Карціну ДТЗ дапамаглі вызначыць запісы з відэарэгістратара тралейбуса і камеры назірання, а таксама следчы эксперымент.
Выяўлена, што пешаход выйшаў на праезную частку ў межах перахода на чырвоны сігнал святлафора.
Паводле даных аналізу, у крыві пацярпелага было 4,3 праміле этылавага спірту.
Кіроўца ехаў на спраўным тралейбусе з хуткасцю каля 44 км/г, загадзя зніжаў хуткасць перад прыпынкам і падаваў гукавы сігнал. «Нягледзячы на пададзены ім гукавы сігнал і прымяненне тармажэння, пешаход хісткай хадой выйшаў з тратуара на дарогу», — паведамілі ў СК.
Следства прыйшло да высновы, што кіроўца тралейбуса не дапусціў парушэнняў ПДР, якія былі б прычынай здарэння.
У сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях кіроўцы складу злачынства крымінальны пераслед быў спынены.