БЕЛ Ł РУС

Што стала прычынай учорашняга адключэння Spotify, X, Chatgpt і часткі сайтаў

19.11.2025 / 13:44

Nashaniva.com

У аўторак у выніку маштабнага збою ў сістэме Cloudflare, якая абслугоўвае каля 20% усіх інтэрнэт-рэсурсаў, многія анлайн-сэрвісы перасталі працаваць.

Аб’ём запытаў з памылкай 5xx у сетцы Cloudflare 18 лістапада. Фота: Cloudflare

Гэта закранула папулярныя платформы кшталту Spotify і X, а таксама амаль усе буйныя нейрасеткі і нават некаторыя відэагульні.

У кампаніі назвалі прычыны. Так, паводле слоў тэхдырэктара Эйна Кнехта і гендырэктара Мэцью Прынса, збой не быў выкліканы кібератакай або шкоднай дзейнасцю.

Трыгерам стала схаваная памылка ў адным з унутраных сэрвісаў, якія адказваюць за абарону ад ботаў. Гэтая памылка ўзнікла пасля стандартнага змянення канфігурацыі і прывяла да ланцуговай рэакцыі, што закранула іншыя кампаненты глабальнай сеткі Cloudflare.

Паводле інфармацыі на афіцыйнай старонцы статусу Cloudflare, збой пачаўся прыблізна а 14:48 паводле мінскага часу і працягваўся каля трох гадзін. Да 17:42 кампанія паведаміла аб завяршэнні работ па аднаўленні. У Cloudflare адзначылі, што некаторыя сэрвісы, хутчэй за ўсё, будуць кароткачасова працаваць са збоямі праз натуральны ўсплёск трафіку пасля таго, што адбылося.

Учорашнія праблемы выйшлі за межы анлайн-сэрвісаў і закранулі нават аб’екты фізічнага свету. Напрыклад, наведнікі McDonald's і іншых устаноў, у працы тэрміналаў якіх таксама задзейнічаныя сэрвісы Cloudflare, не маглі замовіць сабе ежу, піша Office Life.

Гэта ўжо трэці буйны збой за месяц. У кастрычніку большая частка рэгіёна US-East-1 у AWS была адключана больш чым на дзве гадзіны пасля таго, як у Amazon адбыўся DNS-збой. Усяго праз некалькі дзён здарыўся маштабны збой Microsoft Azure. Гэтыя інцыдэнты паўплывалі амаль на кожнага карыстальніка інтэрнэту, бо на Azure і AWS прыпадае каля 24% і 30% рынку воблачных вылічэнняў адпаведна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула