Пракуратура заблакавала сайт з беларускімі кнігамі і сувенірамі
Пракуратура Магілёўскай вобласці заблакавала інтэрнэт-рэсурс kirma.sh, дзе прадаваліся беларускія кнігі і сувеніры. Паведамляецца, што прычынай блакіроўкі стала тое, што на сайце «прапаноўвалася да набыцця інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пракуратура піша, што на пляцоўцы «Kirma.sh: Беларускія кнігі з дастаўкай па свеце» прадавалася «інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі»: кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя», Аляксандра Татаранкі «Горькие годы: Трагедия Западной Беларуси 1944-1954».
Акрамя таго, на сайце прадавалі кнігу «Патаемная спадчына. Казкi пра беларускiх жанчын», выдадзеную ініцыятывай ByProsvet, якую раней прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».