Літоўскія фуры сутыкаюцца з праблемамі пры выездзе з Беларусі
Пасля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу з Беларуссю, у аўтаперавозчыкаў узнікла шмат пытанняў. Асацыяцыя Linava паведамляе, што з літоўскага боку пункты пропуску працуюць нармальна, але з беларускага боку сітуацыя незразумелая, піша Delfi.lt.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле непацверджаных звестак, праз Салечніцкі пункт нібыта ўжо праехалі некалькі фур, але ў Медніках становішча застаецца цьмяным: кіроўцы аплачваюць стаянкі і становяцца ў электронную чаргу, але невядома, ці ўвогуле іх прапускаюць.
Кіроўцаў таксама не выпускаюць з Беларусі ў бок Літвы. Хоць літоўскія памежнікі і мытнікі гатовыя прымаць транспарт, беларускія службы, паводле слоў перавозчыкаў, нібы не ведаюць, як афармляць дакументы. У выніку фуры застаюцца на беларускіх стаянках і не рухаюцца да мяжы.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгa Ругінене падкрэсліла, што Літва ніколі не затрымлівала грузавікі і зрабіла ўсё, каб тыя маглі вярнуцца дадому. Яна назвала сітуацыю доказам таго, што праблемы ўзнікаюць з беларускага боку. Ругінене спадзяецца, што прычына — тэхнічная затрымка, але калі сітуацыя не зменіцца, то будуць прынятыя далейшыя рашэнні.
Прапускныя пункты «Каменны Лог — Меднікі» і «Беняконі — Салечнікі», закрытыя з канца кастрычніка, аднавілі працу ў ноч з серады на чацвер.
Чытайце таксама:
Літва адкрыла мяжу з Беларуссю
Літва не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі ў Беларусі
«Мінсктранс» аднаўляе міжнародныя рэйсы пасля адкрыцця Літвой пунктаў пропуску