Міністр замежных справаў Літвы: Гібрыдныя атакі могуць быць крытэрыем для ўвядзення санкцый супраць Беларусі
20 лістапада міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс удзельнічаў у пасяджэнні Рады замежных спраў ЕС у Бруселі. Ён падкрэсліў, што беларускі рэжым ужо неаднаразова выкарыстоўваў гібрыдныя атакі супраць дзяржаваў ЕС, а таму неабходны моцны і адзіны адказ на гэта.
Кястуціс Будрыс. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis
Кястуціс Будрыс адзначыў, што калі стрымліванне аказваецца недастатковым, дыктатары пачынаюць новыя супрацьпраўныя дзеянні. Сёлета гэта былі кантрабандныя аперацыі, што перашкаджалі грамадзянскай авіяцыі, парушалі рэйсы і выклікалі мільённыя страты.
Ён заклікаў ЕС прымаць меры і паказаць, што гібрыдныя атакі супраць дзяржаваў-членаў не будуць дапушчальныя, у тым ліку праз санкцыі, прапаноўваючы дадаць да крытэрыяў для іх увядзення гібрыдныя атакі.
Акрамя таго, літоўскі міністр казаў пра падтрымку Украіны. Ён падкрэсліў, што дапамога Украіне жыццёва важная для ўсёй Еўропы, і неабходна прыняць канкрэтныя рашэнні наконт далейшай фінансавай падтрымкі краіны ў барацьбе з расійскай агрэсіяй.
Кястуціс Будрыс заклікаў выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы для дапамогі Украіне, адзначаючы, што калі не будзе палітычнай згоды і рашэння цяпер, то гэта створыць праблемы ў пачатку наступнага года. Ён падкрэсліў, што ЕС павінен дзейнічаць практычна, а не толькі дэманстраваць палітычную салідарнасць.
Чытайце таксама:
Другі дзень суседзі Беларусі не фіксуюць спробаў пераходу мяжы мігрантамі
Літоўскія фуры сутыкаюцца з праблемамі пры выездзе з Беларусі
Літва не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі ў Беларусі