Мірны план Трампа прадугледжвае зняцце з Расіі санкцый і яе поўнае вяртанне ў сусветную эканоміку
Як паведамляюць крыніцы Bloomberg і «РБК-Украіна», у новым мірным плане ЗША па Украіне прэзідэнт Дональд Трамп нібыта прапануе, каб Украіна акрамя скарачэння сваіх узброеных сіл і тэрытарыяльных уступак згадзілася таксама на зняцце з Расіі санкцый. План прадугледжвае спыненне расследавання ваенных злачынстваў расійскай арміі і перадачу Данбаса пад кантроль Масквы, піша The Moscow Times.
Дональд Трамп і ягоны спецпрадстаўнік Стыў Уіткаф. Фота: The White House
Адна з крыніц «РБК-Украіна» адзначае, што праект з 28 пунктаў уключае амністыю па ўсіх ваенных злачынствах і фактычнае поўнае вяртанне Расіі ў сусветную эканоміку.
20 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустракаўся ў Кіеве з амерыканскай дэлегацыяй пад кіраўніцтвам міністра арміі ЗША Дэна Дрыскала, якога Трамп накіраваў для прасоўвання свайго плана.
Дыпламаты Еўрасаюза выказалі скептыцызм адносна любой мірнай здзелкі, якая будзе прынята без уліку пазіцыі Кіева і еўрапейскіх саюзнікаў, адзначаючы, што Пуцін згаджаецца на прапановы толькі пад ціскам.
Крыніцы таксама паведамляюць, што план складаўся пры ўдзеле пасланнікаў Трампа і Расіі, і яго мэта — перашкодзіць увядзенню санкцый супраць «Лукойла» і «Раснафты», якія павінны набыць моц 21 лістапада.
Сярод іншых умоў плана — забарона размяшчэння замежных міратворцаў ва Украіне, скарачэнне і абмежаванне ўзбраенняў УСУ, фактычнае прызнанне Данбаса за Расіяй з выплатай «арэнднай платы», а таксама «абяцанне» Крамля не нападаць на Украіну і краіны Еўропы.
Чытайце таксама:
Дэлегацыя вайскоўцаў ЗША прыехала ў Кіеў абмяркоўваць план спынення вайны ва Украіне
«Чакаем, што з намі будуць кансультавацца». Заходнія палітыкі — пра тайны мірны план ЗША
Ключавы абаронца Украіны генерал Келаг можа пайсці ў адстаўку
ЗША ўзгаднілі з Расіяй мірны план, вельмі нявыгадны для Украіны