БЕЛ Ł РУС

«Абы хутчэй дабрацца да мамы». Беларускі, якія жывуць за мяжой, расказалі пра допыты на беларускай мяжы

21.11.2025 / 19:56

Nashaniva.com

Беларусаў і грамадзян іншых краін на ўездзе ў Беларусь часта выклікаюць «на гутаркі». Падчас допытаў просяць разблакаваць тэлефон, беларусаў пытаюцца пра жыццё за мяжой, прычыны ад'езду, часам затрымліваюць на гадзіны, а некаторыя пасля такіх гутарак аказваюцца ў СІЗА. Most пагаварыў з тымі, хто нядаўна прайшоў такія допыты. Імёны суразмоўніц змененыя.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі

«Балюча было націскаць на кнопку»

Дзіна жыве ў Польшчы. Некалькі гадоў яна пазбягала паездак у Беларусь — перажывала, што можа прыцягнуць да сябе ўвагу праз удзел у пратэстах 2020 года. Але калі ў яе мамы западозрылі інсульт, наважылася на вяртанне.

«Перад паездкай я папрасіла знаёмага, які калісьці быў звязаны з сілавымі структурамі, прабіць мяне па базах. Ён сказаў: «Ты бачная. На агульную гутарку». Але я ўсё адно паехала: мама ў бальніцы», — успамінае яна.

Рыхтуючыся да дарогі, Дзіна выдаліла свой профіль у Instagram — «15 гадоў фотаздымкаў, падарожжаў, сяброў».

«Балюча было націскаць на кнопку, але я баялася, што на мяжы стануць яго гартаць і нешта раптам знойдуць», — кажа яна.

«Абы хутчэй скончыць і дабрацца да мамы»

Жанчына ехала аўтобусам Ecolines. Кіроўца сказаў ёй, што на гутарку звычайна выклікаюць тых, хто доўга не прыязджаў дадому.

З поўнага аўтобуса адвялі сем чалавек — Дзіну, яшчэ адну беларуску, якая больш за дзесяць гадоў жыве ў Польшчы, і пяцярых украінцаў. У кабінеце яе чакаў супрацоўнік у форме, працавала камера.

«Мне сказалі, што ідзе аўдыя- і відэазапіс. Спыталіся, куды еду, чаму з'ехала. А потым: «Можна паглядзець ваш тэлефон?» Адмовіцца, як мы разумеем, было немагчыма».

Супрацоўнік заходзіў у Instagram і Telegram, нешта ўводзіў, фатаграфаваў IP-адрас, рабіў здымкі экрана на свой тэлефон.

«Я проста сядзела і думала: абы хутчэй скончыць, абы дабрацца да мамы», — кажа Дзіна.

«Як быццам з гнязда выпала»

Усё заняло каля 30‑40 хвілін. Дзяўчыну, якая заходзіла пасля Дзіны, трымалі значна даўжэй. Пазней яна расказала, што раззлавалася, калі супрацоўнік папрасіў тэлефон, і сказала яму агрэсіўна, што мае права ўбачыць, што ён там робіць з яе прыладай. Яна стаяла над ім, пакуль ён капіяваў IP-адрас і гартаў сацсеткі.

Паводле яе слоў, супрацоўнік быў відавочна незадаволены такім тонам і адказаў, што агрэсія тут ні да чаго і што ён можа вывесці яе і «пад рукі».

«Яна потым была ў шоку, — кажа Дзіна. — Больш за дзесяць гадоў не жыла ў Беларусі, як быццам з гнязда выпала».

«Растлумачыла ім сваё качавое жыццё»

Іна нарадзілася ў Беларусі, вучылася ў Санкт-Пецярбургу, а пазней пераехала ў Лондан. У яе два пашпарты — расійскі і брытанскі. У Беларусь жанчына прыязджае толькі да мамы.

«Мне няма чаго хаваць, але ўсё адно перад паездкай чышчу тэлефон. Так спакайней», — кажа яна.

Да нядаўняга часу яе ні разу не запрашалі на гутарку. Але апошні раз папрасілі прайсці ў асобны пакой.

«Пытанні былі толькі пра пашпарты: «Чаму нарадзіліся ў Беларусі, а грамадзянства Расіі і Вялікабрытаніі?» Я доўга тлумачыла ім сваё качавое жыццё: дзе жыла, дзе вучылася, як пераязджала. Пагаварылі хвілін з 20‑30 — і адпусцілі», — успамінае Іна.

Тэлефон не правяралі, але лёгкае напружанне ўсё адно адчувалася.

«Мае дочкі ўжо дарослыя і часам самі ездзяць у Беларусь да бабулі. І я заўсёды кажу ім перад дарогай: «Вы нічога не парушылі. Вы проста едзеце да хворай бабулі». Але ўсё адно ёсць трывога: на мяжы ніколі не ведаеш, якія пытанні ўзнікнуць. І менавіта яны таксама цяпер чысцяць тэлефоны на ўсялякі выпадак».

Чытайце таксама:

«Забраў КДБ, яна так і засталася на мяжы». У пункты пропуску, што адкрыліся, вярнуліся сілавікі і аднавілі допыты

«Пад запіс на камеру задавалі пытанні, сканавалі тэлефон, перапіску». Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі

Ці праўда, што ўзмацніліся праверкі на беларускай мяжы? Што вядома

Каментары да артыкула