«Плачу падаткі, а што ўзамен?» Беларуска расказала, як нявыгадна быць самазанятай
Майстар па манікюры заявіла ў TikTok, што быць самазанятай у Беларусі нявыгадна, бо аплата падаткаў не дае аніякіх сацыяльных гарантый. Яе словы выклікалі дыскусію, піша BGmedia.
«Плачу падаткі, а што атрымліваю ўзамен?»
Жанчына расказала, што як самазанятая сплачвае каля 10% падаткаў — амаль 400 рублёў у месяц. Але, па яе словах, гэта не дае ёй ні сацыяльных гарантый, ні падтрымкі: «У мяне захварэла дзіця, і я не магу пайсці на бальнічны — мне яго ніхто не аплаціць. Тое самае з адпачынкам. Я магу ўзяць яго раз у тры месяцы, але аплачваць мне яго ніхто не будзе».
Яна таксама адзначыла, што не ўпэўненая, ці атрымае пенсію: «Пенсійны ўзрост павышаецца, і я яго, хутчэй за ўсё, не дачакаюся».
Пры гэтым, падкрэсліла майстар, дзяржава не дапамагала ёй стартаваць: «Калі я пачынала свой маленькі бізнес, дзяржава не дапамагала закупляць абсталяванне і матэрыялы. Дык можа хто патлумачыць — каму і за што я павінна плаціць?»
Што сказалі людзі ў каментарах
Пад відэа разгарнулася актыўная дыскусія, і меркаванні падзяліліся.
Асноўная думка тых, хто падтрымлівае жанчыну, у каментарах была такой:
праблема для самазанятых не ў саміх падатках, а ў тым, што ў адказ яны не атрымліваюць нічога — ні гарантыяў, ні абароны, ні ўпэўненасці ў будучыні.
- «А яшчэ падатак на рамонт дома, якога ніхто не робіць, падаткі на машыну, кватэру. Пакуль мы маўчым — будзем іх карміць. Яны сабе налічваюць велізарныя зарплаты і яшчэ крадуць».
- «Гэтым пытаннем задаюцца 97% беларусаў! Дзяржава нікому не дапамагае! Можа, сапраўды надышоў час змяніць кіраўніцтва цалкам?»
- «За навучанне плаціш сам, за матэрыялы плаціш сам, абсталяванне купляеш за свае — але частку заробленыя грошы ўсё роўна аддавай. Вельмі «сумленна».
- «Я ўжо прыняла, што на пенсію разлічваць няма сэнсу. Таму цяпер трэба самой назапасіць на старасць. У найм ісці не хочацца — дзе я яшчэ дома, займаючыся любімай справай, змагу зарабляць столькі ж?».
Знайшліся і тыя, хто з жанчынай не пагадзіўся.
- «Школа, медыцына і іншае — дзяржава траціць на вас значна больш, чым вы плаціце падаткаў».
- «Вы ведалі, на што ішлі. Не хочаце працаваць у найме — значыць, няма і адпачынку, які аплачвае працадаўца».