Крупко расказаў пра планы па будаўніцтве дняпроўскіх каналаў, колькі гэта будзе каштаваць і ў чым галоўная праблема
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што вада з Прыпяці цячэ ва Украіну і загадаў гэтую ваду «павярнуць назад». Аб планах па выкарыстанні рачных вод для арашэння Гомельшчыны, расказаў на СТБ Іван Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкама.
Крупко кажа, што ідэя гэта — з мінулага. Калі была вялізная краіна пад назвай Савецкі Саюз, пабудавалі вялікае вадасховішча, так званае Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча.
Ідэя была такая: узяць помпавымі станцыямі ваду, калі ідзе раставанне снегу і паднімаецца вышыня Дняпра, запампаваць вялікае сховішча і потым арашаць зямлю. Пабудаваныя буйная станцыя, сховішча на 50 мільёнаў кубічных метраў вады. І апошняе ў працоўным стане, сцвярджае Крупко.
Але не зробленая самая галоўная частка — не выбудаваныя каналы, якія могуць арашаць палі, кажа ён.
Кошт праекту складае каля 175 мільёнаў беларускіх рублёў, кажа Крупко.
Крупко тлумачыць, што раз на 10 гадоў здараецца сур'ёзнае падтапленне на Гомельшчыне. Чатыры разы ў 5 гадоў ідуць буйныя засухі: майская — чэрвеньская і канец ліпеня — пачатак жніўня. Фактычна ўкладзеныя ўгнаенні, насенне, праца селяніна пры недахопе вільгаці зводзяцца на нішто.
55 мільёнаў кубоў вады — гэта магчымасць арашыць ад 11 да 15 тысяч гектараў зямлі.
Але ёсць праблема — няма ведаў, як гэта пабудаваць.
«Застаецца самая якасная задача: як гэта вырашыць? Прыйшлося вывучыць працу меліяратараў, якія працавалі яшчэ ў савецкі час, паглядзець старыя карты і сабраць усіх ад гэтай часткі і зрабіць перадпраектную дакументацыю, як мы гэта бачым», — кажа Крупко.
Ён дадаў, што плануецца выкарыстоўваць кітайскі вопыт.
Распрацоўка праекта «пад ключ» можа заняць 3 гады.