БЕЛ Ł РУС

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі

24.11.2025 / 10:59

Nashaniva.com

У студзені 2024 года ў Драгічынскім раёне за дапамогу Украіне КДБ затрымаў адразу 12 чалавек. Некаторых бралі сем'ямі. Сярод іх былі сужэнцы Яўген і Лідзія Грук. 22 лістапада Беларусь вярнула Украіне 31 украінца, у тым ліку і 30‑гадовую Лідзію, асуджаную за «агентурную дзейнасць». 

Лідзія Грук пасля вызвалення. Фота: Іван Анціпенка / Суспільне

У прапагандысцкім фільме беларускага дзяржаўнага канала АНТ сцвярджалася, што Лідзія з мужам Яўгенам фатаграфавала памежныя аб'екты. Сямейнай пары, у якой чацвёра непаўналетніх дзяцей, выставілі абвінавачанне ў «тэрарызме».

У каментары «Суспільному» жанчына пасля вяртання ва Украіну паведаміла, што абвінавачанне ў «тэрарызме» пазней перакваліфікавалі ў «агентурную дзейнасць». Па гэтым абвінавачанні ёй прысудзілі 4 гады зняволення.

Яўген і Лідзія Грук. Скрын відэа АНТ

Яна таксама заявіла, што яе муж дапамагаў украінцам.

«Ніякіх дзеянняў я не рабіла (гаворка ідзе пра абвінавачанне ў «тэрарызме» — Рэд.). Я ведала, што мой муж дапамагае ўкраінцам, што ён кантактуе з імі. Я ведала, што ён на баку Украіны», — сказала Лідзія журналістам пасля вызвалення.

Яна дадала, што яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзеці (два сыны і дзве дачкі) цяпер знаходзяцца ў свякрухі ў Беларусі.

Самай малодшай дачцэ падчас яе затрымання было ўсяго 7 месяцаў. Украінка хоча забраць дзяцей да сябе і спадзяецца на дапамогу з боку маці мужа.

Чытайце таксама:

Вызваленая 18‑гадовая палітзняволеная Марыя Місюк

«Мама, я дома!» — «Як дома?!» Адна з вызваленых украінак — дзяўчына Юлія ВІДЭА

У ГУР падзякавалі амерыканцам за вызваленне зняволеных украінцаў і адзначылі «канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі»

Каментары да артыкула