Бабруйчанін паставіў сонечную батарэю ў сябе дома — «улетку за святло плаціў 10 рублёў»
Жыхар Бабруйска Юрый Савелюк падзяліўся сваім досведам выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў хатніх умовах — паўтара года таму ён паставіў чатыры сонечныя панэлі на балконе сваёй кватэры. Скарыстацца асабістай электрастанцыяй можна нават на выездзе.
Юрый Савелюк устанавіў дамашнюю электрастанцыю на сонечных батарэях. Усе фота: «Камерцыйны кур'ер»
Бабруйчанін Юры Савелюк на сваім балконе ўсталяваў чатыры сонечныя панэлі. Як узнікла ідэя асабістай электрастанцыі, ці лёгка яе ўтрымліваць, а галоўнае: ці ёсць выгада, ён расказаў выданню «Камерцыйны кур'ер».
З тэхнікай Юры на «ты» яшчэ са школьных гадоў. Любоў да электронікі і радыёсправы прышчапіў настаўнік фізікі Міхаіл Федасеевіч.
— Проста на ўроках педагог рамантаваў стары лямпавы тэлевізар і распавядаў пра яго. За што адказвае той ці іншы вузел. Я слухаў і разумеў: ёсць у гэтым нейкая магія. Хацелася яе спасцігнуць.
Нарадзіўся і вырас Юры ва Украіне. У канцы 80‑х скончыў Кіеўскі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг скуры і меха».
У Бабруйск прыехаў на запрашэнне Міхаіла Іванавіча Кунца — легендарнага дырэктара гарбарнага камбіната. З таго часу не мяняў месца працы. Цяпер Юры Савелюк — галоўны тэхнолаг прадпрыемства.
Падарожжы, рыбалка і адпачынак на прыродзе — яшчэ адно захапленне бабруйчаніна. З паездак на аўтамабілі ўсё і пачалося.
— Улетку з жонкай па два тыдні ў лесе або на беразе ракі праводзім. І каб адпачынак быў камфортным, бяром з сабой міні-халадзільнік, святлодыёдны ліхтар, гаджэты. Пры такой нагрузцы аўтамабільнага акумулятара надоўга не хопіць, таму вырашыў набыць аўтаномную крыніцу энергіі. На маркетплэйсе замовіў дзве сонечныя панэлі і кантролер. Літый-ферум-палімерны акумулятар, які прымае энергію, сабраў сам. Выйшла паходная электрастанцыя, сабраць-разабраць — справа некалькіх хвілін, — распавядае Юры.
Але лета заканчваецца, а тэхніка, упэўнены, суразмоўца, павінна працаваць круглы год. Таму замест гаража і чакання наступнага сезону сонечныя панэлі адправіліся на балкон працаваць паводле прызначэння. Да двух «люстэркаў» крыху пазней Юры дакупіў яшчэ два. Па 100 ват кожнае. Як сам прызнаецца, хутчэй, з эстэтычных меркаванняў — каб цалкам закрыць бок балкона.
— Пры неабходнасці панэлі лёгка дэмантуюцца і перавозяцца, — заўважае суразмоўца.
Астатнія кампаненты для хатняй электрастанцыі дакупляліся ўжо ў працэсе — больш прадукцыйны кантролер, інвертар, акумулятар.
Схематычна сістэма выглядае так: прынятая ад сонца электраэнергія, 42 вольта, прыходзіць на кантролер, схаваны ў шафе кіравання. Там паніжаецца да 14 і адпраўляецца на зарадку акумулятара.
Ад яго падаецца на інвертар, дзе павялічваецца да звыклых 220‑ці і паступае спажыўцу. Спажывец пакуль адзін — кухонны двухкамерны халадзільнік.
— Акумулятар неабходны, каб захоўваць прынятую энергію, — прысвячае ў фізіку працэсу Юрый Савелюк, — сонца ж свеціць у пэўны адрэзак часу, а халадзільнік павінен працаваць бесперабойна.
У чэрвені — жніўні так і атрымліваецца. «Лішнюю» энергію забірае акумулятар, а пасля аддае ў цёмны час сутак. А з улікам таго, што халадзільнік у кватэры працуе «24/7», з'яўляючыся асноўным спажыўцом электраэнергіі, удаецца нядрэнна зэканоміць.
— Улетку за святло плаціў 10 рублёў. Цяпер, вядома, больш. Але чаго чакаць ад лістапада, калі і сонца нізка, і ясныя дні можна палічыць на пальцах? — усміхаецца суразмоўца.
Але і ў «беларускую палярную ноч» удаецца злавіць энергію. 30 працэнтаў часу ў лістападзе батарэі генеруюць ток, у снежні, вядома, не больш за 20. Але гэта, прызнаецца Юрый, самы мінімум. Далей «сонца — на лета, зіма — на мароз».
Незалежна, ёсць сонца на небе ці не, халадзільнік заўсёды падсілкаваны. Калі бракуе прыроднай энергіі, аўтаматыка сама перамыкае спажыўца на хатнюю сетку і нават дазваляе дапампаваць акумулятар. Кантраляваць зарад і перамыкацца паміж крыніцамі току можна дыстанцыйна — дзякуючы мабільнаму з праграмай.
За паўтара года тэхніка ні разу не падвяла. У працы, кажа Юры, не капрызная, а ўсё абслугоўванне зводзіцца да ачысткі панэляў спецыяльным мыйным растворам. Чым чысцейшая паверхня — тым больш энергіі.
Нават прыкладны тэрмін акупнасці дамашняй электрастанцыі Юрый не падлічваў. За гэтыя паўтара года толькі ў абсталяванне ўклаў каля 2000 рублёў.
Кажа, мэты як мага хутчэй «адбіць» выдаткі няма. Панэлі ставіў не дзеля эканоміі, а, як цяпер модна казаць, для дыверсіфікацыі крыніц электраэнергіі.
Тым не менш, у планах — устаноўка яшчэ двух сонечных панэляў — на бакавую сцяну балкона. Яна якраз «глядзіць» на самы поўдзень. А тамака сонца заўсёды больш. Нават у беларускую палярную ноч.