Павук паведаміў, што яго аштрафавалі ў Літве за прапаганду забароненай сімволікі
Блогер Андрэй Павук, які нядаўна трапіў у скандальную гісторыю на моўнай глебе ў тралейбусным парку ў Вільні і быў звольнены з працы, паведаміў у фэйсбуку пра тое, што здабыў сабе на галаву новыя праблемы.
Андрэй Павук на Baltic Pride 2025. Фота з інстаграма блогера
Па словах Андрэя Павука, літоўскія органы вывучылі ягоную старонку ў фэйсбуку і знайшлі там забаронены ў Літве кантэнт:
«Віртуальны патруль вывучыў маю старонку ў Фэйсбуку (такі патруль ёсць у Літве) і знайшоў рэпосты гістарычных хронік са свастыкай, сярпом і молатам, і георгіеўскай стужкай. Мінімальны штраф вы бачыце. Плюс канфіскоўваюць прыладу. У мяне яна была старая, і я яе да гэтага часу выкінуў (тэлефон)».
Мяркуючы па прыкладзеным скрыне, штраф склаў 150 еўра.
Як тлумачыць блогер у каментарах, забароненая ў Літве сімволіка на яго старонцы апынулася таму, што ён
«выкарыстоўваў відэа з Азаронкам. Там яна ў яго на ноўце была». Таксама ў яго «быў Васіль у пілотцы. Пост створаны ў 2020-м. А рэпоснуў у гэты май».
Папраўкі да закона «Аб адміністрацыйных парушэннях», якія вызначылі адказнасць за публічную дэманстрацыю георгіеўскай стужкі і іншых сімвалаў расійскага мілітарызму, літоўскі Сейм прыняў у красавіку 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Чытайце таксама:
Беларус з ДНЖ ехаў у Літву з вымпелам ПДВ СССР і георгіеўскай стужкай. Вынік прадказальны
Парламент Літвы забараніў публічную дэманстрацыю георгіеўскай стужкі і знакаў Z і V
Дальнабойшчыка не прапусцілі з Беларусі ў Літву з-за вымпела расійскай СПА