Псіхіятр папярэдзіў пра рэальную небяспеку фенібуту
Фенібут у Беларусі прадаецца без рэцэпту. Яго масава прымаюць студэнты перад сесіяй, людзі, якія праходзяць цяжкі ў жыцці перыяд, і ўсе, хто хоча хутка зняць трывогу ці палепшыць сон. Аднак у многіх краінах фенібут забаронены. І ён насамрэч сур'ёзная пагроза. Доктар-псіхіятр Уладзімір Пікірэня ў ютуб-праекце «Еўрарадыё» падрабязна разабраў механізм дзеяння фенібуту і патлумачыў, чаму гэтыя таблеткі лёгка прыводзяць да наркатычнай залежнасці.
Фота: medcentr-kristall.ru
Як адзначае Уладзімір Пікірэня, фенібут прымаюць многія, хто адчувае трывогу або трапіў у экстрэмальную жыццёвую сітуацыю. Прэпарат пазіцыянуецца як адаптаген — сродак, які дапамагае змагацца са стрэсам.
Аднак, па словах псіхіятра, нягледзячы на народную любоў, з пункту гледжання доказнай медыцыны сітуацыя выглядае сумна.
«Добрых даследаванняў, якія б даказвалі, што ён у чымсьці дапамагае, штосьці лечыць або дапамагае неяк справіцца са стрэсам, няма», — сцвярджае эксперт.
Пры гэтым, у адрозненне ад многіх іншых папулярных прэпаратаў, фенібут сапраўды ўздзейнічае на ГАМК-рэцэптары (гама-амінамаслянай кіслаты) у мозгу. Гэта тая ж сістэма, на якую ўплываюць алкаголь і цяжкія транквілізатары.
«Ён можа выклікаць залежнасць па механізме, вельмі падобным да дзеяння алкаголю і бензадыязепінаў. Такім жа самым чынам, як алкаголь памяншае ў людзей трывогу, такім жа самым чынам можа памяншаць яе і фенібут. Але гэта абсалютна не гаворыць пра тое, што ён эфектыўны як лек і дапаможа ў будучыні», — тлумачыць доктар.
Прэпарат проста здымае сімптомы, «тармозіць» нервовую сістэму, але не вырашае праблемы, якая выклікала стрэс.
Самае сур'ёзнае папярэджанне эксперта тычыцца рызыкі прывыкання. Паколькі механізм дзеяння прэпарату падобны да алкаголю і наркатычных рэчываў, ён выклікае аналагічныя наступствы.
«Фенібутам можна атрымаць перадазіроўку, і ад фенібуту можна атрымаць рэальную залежнасць. І артыкулы пра гэта сапраўды ўжо ёсць», — папярэджвае Пікірэня.
Уладзімір Пікірэня. Скрын відэа: navokal.belarus / Youtube
Цікава, што праблема залежнасці ад фенібуту выйшла далёка за межы былога СССР, дзе ён быў вынайдзены. Як расказвае псіхіятр, да яго звярталіся калегі з заходніх краін. Там фенібут не зарэгістраваны як лекавы сродак і часта прадаецца ў інтэрнэце або спартыўных крамах як звычайная біялагічна актыўная дабаўка (БАД) для рэлаксацыі ці паляпшэння сну.
Таму фенібут — гэта не бяскрыўдная вітамінка для мозгу. Гэта сур'ёзнае псіхаактыўнае рэчыва, якое працуе па тым жа прынцыпе, што і алкаголь. Яго выкарыстанне без строгага кантролю і разумення рызык можа прывесці не да збавення ад стрэсу, а да набыцця новай праблемы — залежнасці.
Чытайце таксама:
Колькі каштуе хатняя аптэчка ў Беларусі, Літве і Польшчы? Параўналі цэны
У ЗША распаўсюдзілася новае паскудства — «гераін з запраўкі»