«Вярнуўшыся, мы ўбачым нязвыклы ландшафт на вуліцах гарадоў, якія сталі незнаёмымі»
Культуролаг Юлія Чарняўская патлумачыла ў фэйсбуку, чаму лукашысты ўжо пяць гадоў нішчаць у Беларусі ўсё не сваё, калі яно нават без найменшага намёку на палітыку. І чаму з часам нешта зноў прарасце, але ўжо па-іншаму.
Фота: AP Photo / Pavel Bednyakov
Часам чую: маўляў, столькі добрага і зручнага (мы) стварылі ў Беларусі — і крамы, і кавярні, і культурныя прасторы, і адукацыйныя паслугі, і інтэрнэт-праекты, і карысныя грамадзянскія ініцыятывы, а цяпер Беларусь засталася без усяго гэтага. Навошта «яны» так размялі ўсё па купінах, там было поўна цалкам нейтральных палітычна рэчаў. Такое здзіўленне і адчай, асабіста мне зусім зразумелы.
Але так, для «іх» гэтыя нейтральныя рэчы тояць небяспеку, якую яны якраз выдатна і правільна разумеюць. Небяспека ж не ў бізнэсах, паслугах і імпрэзах. Небяспека ў людзях, якім «больш за ўсіх трэба» (пра мяне так казалі, наслухалася ў дзяцінстве-юнацтве, засвоіла).
Мы ім анталагічна чужыя. Не ў палітыцы справа, а ў самабытнасці. Нічога самастойнага, асаблівага, хоць бы трошкі творчага не трэба, нельга, небяспечна. Чым? А проста тым, што яно ёсць.
Мне, памятаецца, калі я была паўтара года настаўніцай у школе, так дырэктарка і казала: «Ага, вось вы водзіце дзяцей у кіно, у музеі і ў тэатр, а іншыя гэтага не могуць, вы супрацьпастаўляеце сябе калектыву гэтай сваёй таннай папулярнасцю. Зоркай сябе ўявілі?»
Чаму іншыя не могуць? А таму толькі, што не хочуць.
Вось на тых, хто нічога «звыш» не хоча, гэтая цяперашняя культура, як і тагачасная, разлічаная. Усё, што вылучаецца «лица необщим выраженьем» — усё нават не падазронае, а небяспечнае. І мяцеліць будуць сурова. Любое адхіленне ў выразе твару павінна карацца.
Таму, убачыўшы ёлачны шар з партрэтам Геніюш (да нядаўняга часу не толькі шар, але і помнік было можна), не проста адбіраюць гэты шар, які ўвадначас стаў забароненым, але і закрываюць краму. Таму прыходзяць да чалавека, які паскардзіўся на мастацкія вартасці перадачы кагосьці з прапагандыстаў.
Небяспечныя не дзеянні і нават не словы, небяспечныя адхіленні ў драбнюткіх дэталях. Непадабенства — ужо злачынства.
Што будзе далей?
Ну, заўсёды так не будзе, паволі яны пачнуць зніжаць абароты. І ў расколінах, у прасветах дазволенага вырастуць нейкія іншыя мовы культуры.
Гадоў праз пяць-сем. Але пакуль так, гэтак, пакрысе, па кухнях, у прыватных мікраскапічных асяродках гэта будзе развівацца.
Я не сумняюся, што ўсё гэта не прыйдзе звонку, вырасце знутры. І мы, вярнуўшыся, убачым нязвыклы ландшафт на вуліцах гарадоў, якія сталі незнаёмымі. І, дай бог, зможам прынесці яшчэ крыху свайго. Мы ж таксама ціха прабіваемся праз лёд. Праз іншы, праўда. Але таксама мерзлы.
Толькі б гэтыя «необщие люди» тут і там не разгрызліся ў сваім ледавітым жыцці канчаткова…
Чытайце таксама:
Пра культурную прорву між сучасным беларускім і польскім грамадствамі
Ідэолагі расказваюць народу жахі пра інтэрнэт і перасцерагаюць ад выкарыстання ChatGPT