Меркаванні4747

Пра культурную прорву між сучасным беларускім і польскім грамадствамі

Краязнаўца з Глыбоччыны Кастусь Шыталь пабываў у 2‑тысячнай польскай вёсцы Нурэц-Станцыя на мерапрыемствы, прысвечаным гісторыі мясцовай чыгункі. Ён прыходзіць да высновы, што ў падобнай беларускай вёсцы такое мерапрыемства было б немагчымым. 

Фота: kastus.shytal / Facebook

Учора ездзіў у Нурэц-Станцыю. Гэта станцыя на Балагое-Сядлецкай чыгунцы, якую ў 1902‑1907 гадах збудавалі расейцы.

Я каля гэтай чыгункі пражыў большую частку жыцця — нарадзіўшыся ў Крулеўшчыне, а пазней жывучы ў Параф’янаве.

У Нурцы ўчора было мерапрыемства, прысвечанае гісторыі гэтай чыгункі. Ну то я не ўтрымаўся, каб не паехаць. Сустрэча была ў старым будынку вакзала, які цяпер належыць гміне. Будынак гэты мае статус культурнай каштоўнасці, некалькі год таму яго старанна адрамантавалі – і змясцілі там цэнтр культуры і бібліятэку.

Фота: kastus.shytal / Facebook

Такія вакзалы, збудаваныя паводле аднаго праекта, былі на кожнай станцыі IV класа ад Полацка да Седльцаў. У Крулеўшчыне вакзал узарвалі немцы ў ліпені 1944 года, калі адступалі. А шмат дзе — напрыклад, у Фарынаве, Загацці, Зябках, Будславе, Княгініне, Вялейцы, Палачанах, Багданаве, Юрацішках, Гаўі — гэткія вакзалы захаваліся ў рознай ступені (часам моцна перабудаваныя).

За некалькі дзён да мерапрыемства, пабачыўшы афішу, я даслаў арганізатарам спасылку на альбом здымкаў з будаўніцтва Балагое-Сядлецкай чыгункі ў ваколіцах Вялейкі, які даступны на сайце літоўскіх музеяў.

У Нурцы гэтых здымкаў не мелі. Падчас сустрэчы гэтыя здымкі былі паказаныя, а дырэктар цэнтра культуры Марцін Карнілюк, які чытаў лекцыю пра гісторыю чыгункі, пра мяне ўзгадаў і мне падзякаваў.

Для мяне нечакана было, што на мерапрыемства прыйшло шмат людзей — чалавек пяцьдзясят, уся зала была запоўненая і не хапіла месцаў. Прыйшлі мясцовыя людзі, былыя чыгуначнікі, хтосьці прыехаў з Сямятычаў, з Чаромхі. Адзін мясцовы чалавек прынёс кавалак расейскай рэйкі з кляймом Паўднёва-Заходняй чыгункі, вырабленай у 1892 годзе (яна магла паходзіць з лініі Брэст-Граева, што адносілася да Паўднёва-Заходняй чыгункі). Хтосьці прынёс старую шапку чыгуначніка, іншыя людзі ўзялі з сабой сямейныя здымкі і дакументы.

Пан Карнілюк расказаў пра гісторыю будаўніцтва чыгункі, паказаў на экране старыя мапы, развеяў некаторыя міфы пра чыгунку (напрыклад такі, што расейцы быццам бы не правялі чыгунку праз Сямятычы, каб пакараць мясцовых жыхароў за ўдзел у паўстанні 1863 года), гістарычныя фотаздымкі, расказаў пра архітэктуру чыгуначных будынкаў — вакзалаў, воданапорных вежаў, казармаў і будак, мосту праз Буг. Магу ацаніць, што лекцыя была добрая і добра, з розных бакоў раскрывала тэму гісторыі чыгункі.

Гледзячы на ўсё гэта, думаў, якая ж прорва паміж станам польскага і беларускага грамадства.

У Параф’янаве, Крулеўшчыне, Падсвіллі — мястэчках, якія паўсталі каля той жа Балагое-Сядлецкай чыгункі — немагчыма і ўявіць такога мерапрыемства. У тамтэйшых бібліятэках і школах проста няма аніводнага чалавека, які б меў дастатковыя веды на гэтую тэму. А калі б і было — нешта не верыцца, што магло б у суботні вечар сабрацца пяцьдзясят чалавек на такую лекцыю.

Савецкі і лукашэнкаўскі рэжымы не дазволілі паўстаць культуры, у якой магла б захоўвацца і папулярызавацца лакальная гісторыя і гістарычная памяць. А можа — што горай — знішчылі ў людзей пачуццё супольнасці.

Каментары47

  • Gorliwy Litwin
    23.11.2025
    Але ж Бела-Рускае Адраджэньне (шчырае і этна-вясковае) акурат і ганарыцца тым што ачысціла зямельку гаротную ад няшчырай панска-лацінскай культуры. Якіх людзей і ідэі яно ўдзымае "на шчыт"? Якія прыярытэты яго кодавай сістэмы? прыкладна такія ж, як на Гаіці, у Ліберыі і ў падобных краінах. З аднаго боку, вы, сьвдомыя спадары, адмаўляецеся прызнаць што 100 ці 200 гадоў ішлі туды, дзе мы ўсе зараз апынуліся. З іншага боку, вас бянтэжыць і засмучае наяўная сітуацыя. І дзе ж логіка?
  • Gorliwy Litwin
    23.11.2025
    Затое ў нашым варварскім этнавясковым каралеўстве дзецям прыгонна-калгасных сялянаў не давялося сябе моцна ламаць, сушыць мазгі і вучыцца, каб парабіцца Вялікімі Начальнікамі. Затрыюмфавалі і так, як Высакародныя Дзікуны Ж.-Ж.Русо. Адраджэньне ж менавіта так і хацела. То адкуль гэты алагічны сум?
  • Крывадушша
    23.11.2025
    Палякі шануюць гісторыю чыгункі, якую збудавалі расейцы пры расейскай імперыі. Са слоў аўтра - гэта праява высокага культурнага развіцця польскага грамадства.
    Калі тое ж самае робяць беларусы, напрыклад, святкуюць ці ўшаноўваюць нешта расейскае/імперскае, то тыя ж самыя аўтары пачынаюць абражаць беларусаў у іх несталасці, несамавітасці, ды й яшчэ цэтлікі панавешваюць у любові да расеі. А калі тое ж самае адбываецца ў Польшчы, то гэта “высокая культура грамадства”, а ў Беларусі тое ўжо прорва. Вось такое крывадушша. Глядзіце нічога не пераблытайце.
    Выснова тут адна - трэба мець годнасць, а не гаспадароў, а не мае розніцы адкуль яны - з усходу ці захаду!

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Выбухнуў і загарэўся Амурскі газахімічны комплекс на мяжы з Кітаем за 6500 кіламетраў ад Украіны2

Ці можна ў Ірландыі замовіць вячэру па-ірландску? Эксперымент блогера, які стаў вірусным22

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з уласным смеццеправодам1

Памылка пры павароце: у Мінску сутыкнуліся два грузавікі МАЗ і Mercedes

Допыты і пагрозы. Што адбываецца са студэнтамі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкім»7

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра15

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць