У цэнтры Мінска з'явіўся хаб, дзе можна зараджаць 22 электрааўтамабілі адначасова
У Мінску адкрылі адзін з найбуйнейшых у Беларусі зарадных хабаў.
16 станцый здольныя адначасова абслугоўваць 22 электрамабілі, піша Av.by.
Хаб размясціўся на трэцім паверсе паркінгу ГЗЦ Galleria Minsk са ўездам з боку вуліцы Дзімітрава. Ён складаецца з 16 зарадных станцый і мае сумарную магутнасць 1,3 МВт. Усе станцыі абсталяваныя канэктарамі CCS і GB/T для аўтамабіляў еўрапейскай і кітайскай вытворчасці.
Усяго ў хаб увайшлі тры тыпы ЭЗС у залежнасці ад магутнасці. Самыя хуткія з іх — 5 станцый магутнасцю 160 кВт: кожная падтрымлівае адначасовую зарадку двух электрамабіляў. Яшчэ адна — на 80 кВт — таксама разлічаная на два аўтамабілі.
Іх дапаўняюць 10 станцый на 40 кВт: да кожнай можна падключыць па адным электракары з дапамогай любога канэктара. Для ўладальнікаў электрамабіляў на паркінгу дзейнічаюць тры гадзіны бясплатнай стаянкі. Тарыфы на зарадку стандартныя — 0,65 руб. за кВт·г. Прапрацоўваецца ўвядзенне начнога тарыфу.