БЕЛ Ł РУС

Як выглядае заводзік, які адкрыла ў Мінску сяброўка Віктара Лукашэнкі?

28.11.2025 / 12:8

Nashaniva.com

Людміла Няронская будуе ўжо і другі рыбны завод — у Віцебскай вобласці.

Людміла Няронская адкрывае завод. Фота тут і далей: Павел Русак / Tochka.by

У прамысловай зоне Калядзічы адкрылі прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Адкрыла яго кампанія «Марскія сезоны». Яе кіраўніца Людміла Няронская даўно звязаная з сям’ёй Віктара Лукашэнкі.

Дзеці Няронскай і Лукашэнкі вучыліся разам у прэстыжнай мінскай гімназіі № 16. Дарэчы, там жа Няронская і Лілія Лукашэнка былі разам у папячыцельскім савеце. У 2019 годзе Няронская з жонкай і дзецьмі Віктара Лукашэнкі лётала на прыватным бізнес-джэце з Мінска ў Дубай. Па дарозе назад да іх далучыўся і сам Віктар.

Людміла Няронская пачала таксама сумесны бізнес з сынам Віктара Лукашэнкі Аляксандрам Лукашэнкам — малодшым.

Як піша «Точка», брэнд зрабіў стаўку на далёкаўсходнюю сыравіну. Няронская запэўніла, што хутка беларусы адчуюць розніцу, пакаштаваўшы новыя віды рыбнай прадукцыі.

«У нас няма пасярэднікаў. Проста ад перапрацоўшчыка пакладзём вам на стол прадукт. Спадзяёмся, што цана прыемна здзівіць», — паабяцала кіраўніца кампаніі.

Плошча завода —3 286 м².

Спачатку размяшчаецца дэфрастацыйны цэх. Тут рыбу размарожваюць. Пасля сыравіна трапляе ў разробчы цэх, дзе рыбу разбіраюць, выдаляюць косці, аддзяляюць філе, фармуюць порцыі. Далей — участак засольвання і марынавання. А пасля ўпакоўка.

Вытворчая магутнасць новага прадпрыемства — каля 300 тон гатовага прадукту ў месяц. Частка пойдзе на экспарт. 

На новай вытворчасці будзе працаваць каля 150 супрацоўнікаў вытворчых спецыяльнасцей і яшчэ прыкладна 30 інжынераў. Ужо сёння тут праходзяць практыку студэнты профільных каледжаў.

Мінгарвыканкам адзначаў, што праект рэалізуецца ў рамках інвестыцыйнага дагавора, які ў тым ліку ўключае будаўніцтва транспартна-лагістычнага комплексу. На адкрыцці завода прысутнічаў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

У сталіцы працуюць таксама дзве крамы з таварамі гэтай кампаніі — на праспекце Незалежнасці, 134 і праспекце Партызанскім, 8/7. Плануюць адкрыць уласныя гандлёвыя пункты ў Мінску і рэгіёнах, а таксама супрацоўнічаць з буйнымі рытэйлерамі.

«Марскія сезоны» ўжо будуюць новы завод у Віцебскай вобласці. Там будуць працаваць каля 600 чалавек.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула