БЕЛ Ł РУС

Што вядома пра вобшукі ў кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака?

28.11.2025 / 15:28

Nashaniva.com

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны праводзіць следчыя дзеянні ў кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака. Вобшукі ў сябе дома пацвердзіў і сам Ярмак і заявіў пра поўнае садзейнічанне следчым.

Фота: lyas Tayfun Salc/Anadolu via Getty Images

«Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыцйная пракуратура (САП) ажыццяўляюць следчыя дзеянні (вобшукі) у кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. Следчыя дзеянні санкцыянаваныя і ажыццяўляюцца ў межах расследавання. Падрабязнасці — пазней», — гаворыцца ў паведамленні.

Вобшукі ў сябе дома пацвердзіў і сам Ярмак і заявіў пра поўнае садзейнічанне следчым, піша Бі-бі-сі — Украіна.

«Сёння НАБУ і САП сапраўды праводзяць працэсуальныя дзеянні ў мяне дома. Ніякіх перашкод у следчых няма. Ім быў дадзены поўны доступ у кватэру, на месцы — мае адвакаты, якія ўзаемадзейнічаюць з праваахоўнікамі», — напісаў ён у тэлеграм.

У якой справе адбываюцца вобшукі і які статус у Ермака, пакуль невядома. У НАБУ сітуацыю пакуль што не каментавалі.

Нядаўна апазіцыя і частка дэпутатаў ад прапрэзідэнцкай партыі «Слуга народа» патрабавалі адстаўкі Андрэя Ермака з пасады кіраўніка ОП. Гэта адбылося ў выніку карупцыйнага скандалу ў энергетыцы, так званага «Міндзічгейта».

Звольніць Ермака прэзідэнт Зяленскі, як выглядае, пакуль не мае намеру.

У пачатку лістапада НАБУ і САП праводзілі вобшукі яшчэ ў аднаго блізкага сябра прэзідэнта — бізнесоўца Цімура Міндзіча. Ён выехаў за мяжу за некалькі гадзін да з’яўлення праваахоўных органаў. Усё гэта вылілася ў гучны карупцыйны скандал. Падазраваныя, сярод якіх Міндзіч і саўдзельнікі, нібыта збіралі адкаты з пастаўшчыкоў «Энергаатама».

Паводле даных дэтэктываў, гаворка ідзе пра сотню мільёнаў даляраў.

Дэпутат Яраслаў Жалязняк казаў, што на запісах НАБУ Ярмак фігуруе як «Алі-Баба». Аднак гэтая інфармацыя не мае афіцыйнага пацвярджэння.

Раней кіраўнік Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры Аляксандр Кліменка заяўляў, што «Алі-Баба» ёсць на плёнках. Паводле яго слоў, «Алі-Баба» раздае заданні, каб пераследаваць дэтэктываў НАБУ.

Так званы «Міндзічгейт» запусціў ва Украіне паўнамаштабны палітычны крызіс. Міністраў юстыцыі Германа Галушчанку і энергетыкі Святлану Грынчук адправілі ў адстаўку. Іх імёны фігуруюць на запісах НАБУ.

У НАБУ кажуць, што расследаванне працягваецца і яшчэ трэба высветліць, каму і як перадаваліся карупцыйныя грошы. Зусім нядаўна Андрэй Ярмак праводзіў мірныя перамовы ад імя Украіны з прадстаўнікамі ЗША ў Жэневе.

Напярэдадні выйшла яго інтэрв’ю ва ўплывовым The Atlantic, у якім ён заявіў, што Украіна не адмовіцца ад сваіх тэрыторый дзеля міру.

Хто такі Андрэй Ярмак

У 2025 годзе выданне Politico, цытуючы крыніцы, называла Ермака «жорсткім палітычным лялькаводам» і чалавекам, які можа «на роўных» размаўляць з прэзідэнтам Зяленскім.

Яго жартаўліва называлі віцэ-прэзідэнтам, хаця ва Украіне няма такой пасады. Падчас праўлення Зяленскага Ярмак стаў ключавой фігурай ва ўкраінскай уладзе.

51‑гадовы Ярмак, як і сам Зяленскі, быў пачаткоўцам у палітыцы. Ён мае адукацыю ў галіне міжнароднага права, працаваў у сферы юрыспрудэнцыі і кінавытворчасці.

Да 2019 года ён больш за 20 гадоў займаўся пераважна юрыдычнай практыкай. Кліентамі заснаванай ім кампаніі былі найбуйнейшыя тэлевізійныя каналы і міжнародныя кінакампаніі, напрыклад, Disney, Pixar або Universal. Незадоўга да паходу ў палітыку Ярмак нават сам спрадзюсаваў некалькі фільмаў. Дзейнасць у гэтай сферы сур’ёзна паўплывала на яго далейшы лёс. Так ён пазнаёміўся з многімі зоркамі Галівуда — і скарыстаецца гэтымі знаёмствамі ў будучыні.

А калі кліентам Ермака быў адзін з найбуйнейшых украінскіх тэлеканалаў «Інтэр», ён пазнаёміўся з яго генеральным прадзюсарам. Генпрадзюсарам тады быў Уладзімір Зяленскі.

Пазней Зяленскі распавядзе: спачатку, паводле яго задумы, Ярмак павінен быў заняць пасаду віцэ-прэм’ера па пытаннях акупаваных тэрыторый і весці перамовы аб абмене палонных з Расіяй. Аднак пазней вырашылі, што ўрадавая пасада будзе абмяжоўваць Ермака ў кантактах — так ён атрымаў пасаду памочніка прэзідэнта. Адразу пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах ён рыхтаваў Зяленскаму міжнародныя паездкі, сустрэчы з замежнымі лідарамі і ўзяў на сябе перамовы ў «нармандскім фармаце».

Таксама Ермаку ўдалося ўсталяваць цесныя кантакты з камандай тагачаснага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Праўда, пазней гэтыя адносіны выклікалі скандал, вынікам якога стаў пачатак працэдуры імпічменту амерыканскага прэзідэнта — усё праз нібыта яго ціск на Зяленскага. Кіраўнік ОП «гасіў» сітуацыю ўнутры Украіны, пастаянна падкрэсліваючы, што на прэзідэнта немагчыма ціснуць, а амерыканцы няхай разбіраюцца самі — гэта іх унутраная гісторыя.

Таксама ён стаў галоўным перамоўнікам Зяленскага з Расіяй, выцесніўшы з гэтага поля Віктара Медведчука. Ярмак праводзіў рэгулярныя сустрэчы і тэлефонныя размовы з намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрыем Казаком. З першага дня вялікай вайны ўплыў Ермака імкліва рос і акрамя знешняй палітыкі распаўсюджваўся яшчэ і на ўнутраную.

Вядомы ваенны журналіст Юрый Бутусаў лічыць, што менавіта Ярмак стаяў за адхіленнем кіраўніка СБУ і генеральнага пракурора 17 ліпеня 2022 года.

«Ярмак звольніў Баканава і Венядзіктаву і забяспечыў кантроль над усёй праваахоўнай сістэмай. Зяленскі даверыў Ермаку ўсю ўладу і сваё перавыбранне», — сказаў Бутусаў улетку 2022 года.

«У нас няма поўнасцю дзейснага Кабінета міністраў. Замест гэтага мы маем нейкі квазі-ўрад, узначалены Ермаком, які кантралюе доступ да прэзідэнцкага парадку дня і самога прэзідэнта», — гаварыла Дар’я Калянюк, выканаўчая дырэктарка Цэнтра супрацьдзеяння карупцыі.

Цяжка знайсці якую-небудзь пратакольную фатаграфію прэзідэнта Зяленскага, на якой побач з ім не было б гэтага высокага сутулага мужчыны. Праз розніцу ў росце часам здаецца, што ён проста навісае над Зяленскім.

Financial Times пісала, што Зяленскі і Ярмак зблізіліся падчас поўнамаштабнага ўварвання — яны праводзяць разам час пасля працы, могуць гуляць у тэніс або глядзець фільмы. Яны трэніруюцца разам у спартзале.

Андрэй Ярмак поўнасцю прысвячае сябе працы. Ён не мае дзяцей і не жанаты, таму можа пастаянна знаходзіцца побач з прэзідэнтам пры неабходнасці, пісала выданне. Андрэй Ярмак быў побач з Уладзімірам Зяленскім падчас найважнейшых падзей — ад візіту Джо Байдэна ў Кіеў да паездак Зяленскага ў Вашынгтон і ў іншыя важныя міжнародныя камандзіроўкі.

Чытайце таксама:

Да кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака прыйшлі з вобшукамі

Кіраўнік Офіса Зяленскага: Ніхто не павінен разлічваць, што мы аддадзім тэрыторыю

Каментары да артыкула