БЕЛ Ł РУС

Квіткі на ўсе навагоднія прадстаўленні ў Белдзяржцырку размялі за пару дзён. А попыт застаўся не задаволены

28.11.2025 / 20:34

Nashaniva.com

У рэдакцыю «Анлайнера» звярнуліся некалькі чытачак, якія расказалі пра складанасці з купляй квіткоў у Белдзяржцырк. Ажыятаж, па іх словах, выклікала навагодняя праграма «Месца сустрэчы — Новы год». Шоу стартуе 13 снежня і працягнецца да 11 студзеня. У некаторыя дні ў раскладзе значацца аж па тры прадстаўленні ў дзень. Аднак шанцы вылавіць квіткі, па словах чытачоў, блізкія да нуля.

Фота: Акаўнт Белдзяржцырка ў інстаграме

Чытачы: «Праз дзень пасля пачатку продажу квіткоў ужо не было»

Першай у рэдакцыю звярнулася Крысціна. Дзяўчына расказала, што хацела трапіць менавіта на навагодні паказ.

«Я зайшла пра квіткі праз дзень пасля пачатку продажаў — іх ужо не было. Па тэлефоне [у касе] сказалі, што шмат квіткоў аддалі прафсаюзам. Пры гэтым, калі я спрабавала знайсці квіткі ў прафсаюзах праз знаёмых, то іх не было».

З такой жа праблемай сутыкнулася Надзея:

«14 чысла [лістапада] убачыла анонс прадстаўлення на сайце. Тут жа перайшла на TicketPro — там ужо на ўсе даты і час адсутнічалі квіткі. Рэдка трапляліся лічаныя квіткі ў ложы па 150 рублёў.

Проста не магла паверыць, што такое магчыма. Вырашыла, што адбыўся нейкі збой ці перш за ўсё продаж ідзе праз касы. Маніторыла анлайн-квіткі на працягу тыдня. Не вытрымала, патэлефанавала ў касы. Адказ: Так, квіткоў няма, сачыце — раптам хтосьці здасць.

Выразнага адказу на пытанне, з якога чысла пачаўся продаж квіткоў, мне не далі. Сказалі толькі, што яшчэ дзён з 12 таму іх можна было купіць.

У мінулым годзе 14 лістапада я купіла квіткі на навагодні паказ — у патрэбнай колькасці, на патрэбную дату і па жаданай цане. Не маніторыла, а проста, як аказалася, удала зайшла на сайт і купіла. Ужо праз некалькі дзён я бачыла ў сетках абураныя каментары: квіткі купіць немагчыма…».

Таксама дзяўчына звярнула ўвагу, што ў інтэрнэце шмат аб'яў пра жаданне купіць квіткі. А вось прапаноў пра іх продаж куды менш.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу журналісты знайшлі 4 прапановы продажу квіткоў у цырк. Аўтарка адной з аб'яў запэўніла, што прадае па той самай цане, якая пазначаная на самім квітку.

«Учора поўная зала была, сёння ўжо квіткоў з 20 засталося»

На сайце і ў акаўнце Белдзяржцырка ў інстаграме анонс і спасылка на куплю квіткоў з'явіліся 11 лістапада. А вось паста з «навагодняй афішай» у профілі журналісты не знайшлі.

Два дні таму быў апублікаваны пост з анонсам дадатковых прадстаўленняў — 24 снежня ў 15:00 і 29 снежня ў 11:00.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Белгосцирк (@circus.by)

У каментарах некаторыя зноў пішуць пра праблему куплі квіткоў:

Хуткі пошук квіткоў (розныя даты і час) на сайце аператара пацвердзіў: трапіць у цырк і праўда складана.

Журналісты патэлефанавалі ў касу цырка ў сераду раніцай і ўдакладнілі, ці ёсць месцы хоць на нейкую дату і час і, галоўнае — на навагодняе прадстаўленне.

«На 23‑е а 15‑й гадзіне дадалі. Глядзіце сайт TicketPro — іх [квіткоў] там няшмат ужо, разбіраюць праз інтэрнэт. Засталася літаральна кропля, учора поўная зала была, сёння ўжо квіткоў з 20, можа, ёсць», — адказалі там.

Сапраўды, невялікая колькасць квіткоў на згаданае касірам шоу аказалася даступная. Праўда, на некаторых шэрагах вольныя былі па адным месцы — не самы зручны варыянт для сямейнага паходу. Калі ж не арыентавацца на блізкасць да сцэны, то аказалася рэальным вылавіць квіткі па 25 рублёў за штуку.

Скрыншот зроблены 26 лістапада ў 10:23

Пры абнаўленні старонкі праз гадзіну даступных месцаў стала менш — мабыць, маніторылі сітуацыю не толькі журналісты. Да вечара серады на гэты ж дзень у продажы засталося ўсяго тры квіткі (30‑35 рублёў), на іншыя даты даступныя адзінкавыя квіткі: часцей гэта месца ў ложы па 150 рублёў.

Пры паўторным званку ў касу цырка ў чацвер раніцай там расказалі, што ёсць некалькі месцаў на прадстаўленне 4 студзеня. А яшчэ параілі маніторыць сайт: часам квіткі здаюць.

Каментар Белдзяржцырка: «Сітуацыя зусім не новая»

Сітуацыю з ажыятажам на навагодні паказ журналісту «Анлайнера» пракаментавалі ў Белдзяржцырку.

Там пацвердзілі, што электронны продаж квіткоў стартаваў 11 лістапада — анонсы размясцілі на сайце цырка і ва ўсіх сацсетках.

«Прыкладна за двое сутак усе квіткі на снежань-студзень былі прададзеныя», — растлумачылі там.

У Белдзяржцырку пацвердзілі, што частку квіткоў сапраўды перадаюць прафсаюзам, а таксама ўстановам адукацыі.

«Яны дасылаюць калектыўныя заяўкі (ад 300 да 3000 чалавек) пачынаючы з лютага. Таму вялікая частка квіткоў загадзя ідзе на гэтыя заяўкі. Што тычыцца дадатковых прадстаўленняў, то іх вырашана дадаць у сувязі з высокім попытам. На два шоу былі даступныя па 1580 квіткоў — яны былі прададзеныя на працягу дзвюх гадзін».

На пытанне пра магчымасць дадаць яшчэ некалькі прадстаўленняў адказалі, што гэта «тэхнічна немагчыма».

«Скаргі ў Белдзяржцырк пра недахоп квіткоў на навагоднія прадстаўленні паступаюць штогод. Сітуацыя зусім не новая. Так як навагоднія прадстаўленні з'яўляюцца самымі папулярнымі сярод гледачоў, а квіткі на іх раскупляюць вельмі хутка».

Таксама ў цырку дадалі, што часам па розных прычынах раней набытыя квіткі могуць вяртацца ў продаж, таму ёсць сэнс маніторыць сайт білетнага аператара.

«Намі была запланаваная максімальна магчымая колькасць прадстаўленняў навагодняй праграмы «Месца сустрэчы — Новы год!», мы нават прызначылі прэм'еру раней звычайнага тэрміну, каб як мага больш гледачоў змаглі наведаць прадстаўленне».

Чытайце таксама:

Два беларускія аркестры сабралі аншлаг на «патаемным» выступленні

Без Караткевіча і Шагала. У віцебскім лялечным тэатры зніклі з афішы многія спектаклі — у чым прычына?

Па квіткі на яго спектаклі гадзінамі стаяць у чэргах. Інтэрв'ю з новым рэжысёрам Тэатра лялек

Каментары да артыкула