БЕЛ Ł РУС

Былую кіраўніцу еўрадыпламатыі Федэрыку Магерыні затрымалі ў Бельгіі за махлярства

2.12.2025 / 15:48

Nashaniva.com

Былая вярхоўная прадстаўніца Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні затрыманая ў Бельгіі. Яе падазраюць у махлярстве.

Федэрыка Магерыні. Фото: Jack Taylor / Getty Images

У аўторак бельгійская паліцыя правяла маштабную аперацыю ў дачыненні да важнейшых інстытутаў Еўрапейскага саюза. Рэйды закранулі штаб-кватэру Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (EEAS) і прэстыжны Каледж Еўропы ў Бруге. Расследаванне вядзецца па факце меркаванага махлярства, карупцыі і няправільнага выкарыстання сродкаў ЕС у 2021—2022 гадах.

Расследаванне звязана з магчымым «махлярствам пры заключэнні дзяржаўных кантрактаў, карупцыяй, канфліктам інтарэсаў і парушэннем прафесійнай таямніцы» ў Каледжы Еўропы, які займаецца падрыхтоўкай еўрапейскіх дыпламатаў.

Вобшукі праводзяцца ў штаб-кватэры Еўрапейскай знешняй службы ў Бруселі; будынках College of Europe у Бруге; прыватных жылых памяшканнях.​

Паведамляецца пра трох затрыманых, у тым ліку Магерыні. Справу вядзе Еўрапейская пракуратура пры ўдзеле бельгійскай паліцыі. Пакуль нікому афіцыйна не выстаўленыя абвінавачанні.

Паліцыя правярае, ці мелі прадстаўнікі Каледжа папярэднія звесткі пра тэндэры і ці было парушана правіла справядлівай канкурэнцыі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула