Кіраўніком расійскай дыверсійнай сеткі ў Польшчы быў ураджэнец Украіны з пашпартам РФ
Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла, што кіраўніком шпіёнска-дыверсійнай групы, якая дзейнічала ў інтарэсах расійскай разведкі на тэрыторыі краіны, быў 28‑гадовы грамадзянін Расіі родам з Украіны Міхаіл Міргародскі, піша выданне «Агентство».
Міхаіл Міргародскі
Паводле даных польскай пракуратуры, Міргародскі стварыў і ўзначаліў злачынную групу ў складзе як мінімум 30 чалавек, якая займалася шпіянажам, дыверсіямі і прапагандай у інтарэсах Масквы. Членам групы даручалася:
- назіраць за вайсковымі аб’ектамі;
- усталёўваць GPS-перахопнікі і прылады для перадачы даных з аб’ектаў крытычнай інфраструктуры (аэрапорты, чыгуначныя станцыі, вайсковыя аб’екты, памежныя пераходы на польска-ўкраінскай мяжы);
- распаўсюджваць прарасійскія, антыўкраінскія і антынатаўскія ўлёткі;
- прымяняць фізічны гвалт, падпальваць і знішчаць маёмасць украінцаў і беларускіх дысідэнтаў;
- планаваць сыходы з рэек цягнікоў і іншыя акты дыверсій.
Для фінансавання сваёй дзейнасці Міргародскі выкарыстоўваў крыптавалюту.
Міхаілу Міргародскаму выставілі пяць абвінавачванняў:
- стварэнне і кіраванне арганізаванай злачыннай групай;
- арганізацыя дзейнасці замежнай разведкі;
- арганізацыя замаху на катастрофу на транспарце;
- падбухторванне да гвалту і знішчэння маёмасці;
- фінансаванне тэрарызму.
«Агентство» даведалася, што Міргародскі нарадзіўся ў горадзе Светлаводск Кіраваградскай вобласці Украіны, але доўгі час жыў у Расіі і мае расійскае грамадзянства.
З 2008 па 2014 год ён жыў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, дзе бацька Міргародскага працаваў прарабам. Потым сям’я пераехала ў падмаскоўныя Балашыху, а пасля Кашыру.
У Балашысе Міхаіл Міргародскі жыў непадалёк ад цэнтра групы спецназу «Альфа» ФСБ, у суседнім з ім доме жыў былы ахоўнік Віктара Януковіча Сяргей Шкрабатоўскі.
Міргародскі з’яўляецца пастаянным кліентам банкаў і мікрафінансавых арганізацый і мае запазычанасць у 634 тысячы рублёў (каля 8200 даляраў). Працаваў у «Тинькофф банку», адміністратарам у дэвелаперскай кампаніі і спецыялістам у іншай кампаніі.
Расследаванне па гэтай шпіёнскай справе пачалося ў 2023 годзе. Па ёй ужо асуджаныя 16 чалавек (12 украінцаў, 3 беларусы, 1 расіянін). Яшчэ 8 чалавек знаходзяцца пад следствам (сярод іх расіянін, 3 беларусы, па аднаму грамадзяніну Украіны, Польшчы і Літвы).
Судовыя паказанні засведчылі, што ўдзельнікі сеткі атрымлівалі выплаты ў крыптавалюце:
- 5 USD — за распаўсюд лістовак і налепак;
- 300—400 USD — за ўстаноўку вэб-камер або GPS-перадатчыкаў у стратэгічных месцах;
- 10 000 USD — за арганізацыю сходу цягніка з вайсковай дапамогай Украіне.
Чытайце таксама:
У Польшчы затрымалі за шпіянаж трох беларусаў і двух украінцаў
Польшча распачала крымінальную справу за спробу вярбоўкі беларускімі спецслужбамі супрацоўнікаў НАУ