Авіякампаніі пакуль не збіраюцца масава касаваць рэйсы ў Вільню. Але прэцэдэнты ўжо ёсць
У Вільні заяўляюць, што авіякампаніі пакуль не плануюць масава адмаўляцца ад палётаў у Літву, паведамляе LRT. Дырэктар дэпартамента бяспекі «Літоўскіх аэрапортаў» Відас Кшэнас адзначыў, што перавозчыкі разумеюць: праблемы, якія ўзніклі праз кантрабандныя паветраныя шары, не звязаныя з самімі аэрапортамі, таму гаворкі пра спыненне палётаў няма — усе займаюць чакальную і салідарную пазіцыю.
Аэрапорт у Вільні. Фота: estravel.lt
Раней авіякампанія Finnair скасавала адзін вечаровы рэйс з Хельсінкі ў Вільню, а Air Baltic крыху змяніла час двух рэйсаў.
Толькі за апошні выпадак, калі ўвечары 3 снежня паветраная прастора над Вільняй зноў была закрытая, нязручнасці адчулі больш за 3 тысячы пасажыраў. Некаторыя самалёты накіравалі ў Коўна, а некалькі рэйсаў скасавалі ці затрымалі.
Каб мінімізаваць праблемы падчас начных закрыццяў аэрапорта, у Літве разглядаюць магчымасць пераносіць частку начных рэйсаў з Вільні ў Коўна, у тым ліку і ў звычайны час.
Відас Кшэнас падкрэсліў, што Ковенскі аэрапорт мае дастатковую інфраструктуру для абслугоўвання павялічанага пасажырскага патоку, хоць могуць спатрэбіцца дадатковыя рэсурсы для наземных службаў.
За кастрычнік і лістапад паветраная прастора над Вільняй абмяжоўвалася 14 разоў, адзін раз — над Коўнам. У выніку пацярпелі каля 320 рэйсаў і больш за 45 тысяч пасажыраў — каля 5% ад агульнай колькасці, абслужанай за гэты час.
Чытайце таксама:
Учора аэрапорт у Вільні закрываўся двойчы
Віленскі аэрапорт зноў закрылі
60 метэазондаў паралізавалі працу Віленскага аэрапорта: абмежаванні закранулі 50 рэйсаў