БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз і G7 рыхтуюць поўную забарону на марскія перавозкі расійскай нафты

5.12.2025 / 21:8

Nashaniva.com

Краіны Еўрасаюза і «вялікай сямёркі» абмяркоўваюць значнае ўзмацненне санкцый супраць расійскай нафты. Гаворка ідзе пра поўную забарону на аказанне любых паслуг, звязаных з марской перавозкай расійскай нафты, паведамляе Reuters са спасылкай на шэсць крыніц, знаёмых з праектам.

Расійскі танкер Eventin, які ўваходзіць у склад «ценявога флоту» Расіі, каля ўзбярэжжа нямецкага вострава Руген. Красавік 2025 года. Фота: Stefan Sauer / picture alliance via Getty Images

Новыя санкцыі павінны прыйсці на змену наяўнаму механізму «цэнавай столі», які дзейнічае з канца 2022 года. Праект разглядаецца ў межах новага пакета санкцый, які чакаецца ў пачатку 2026 года.

Цяпер заходнія танкеры і страхавыя кампаніі могуць удзельнічаць у транспарціроўцы расійскай нафты, калі яна прадаецца ніжэй за ўстаноўлены ліміт (раней $60, цяпер каля $47,6 за барэль). Прыблізна траціна расійскай нафты перавозіцца суднамі з краін ЕС і G7, пераважна грэчаскімі.

Планаваная забарона павінна цалкам спыніць такую практыку. Паводле Reuters, Еўрасаюз ужо мае ў гэтым падтрымку Вялікабрытаніі і ЗША, але канчатковае рашэнне адміністрацыі Дональда Трампа будзе залежаць ад яе палітыкі па ўкраінскім пытанні.

Паводле CREA, у кастрычніку 38% расійскай нафты перавозілі танкеры G7, астатняе — так званы «ценявы флот», які Расія сабрала для абыходу санкцый. У транспартаванні нафтапрадуктаў удзел заходніх суднаў яшчэ большы — каля 79%.

Усяго ў «ценявы флот», які, акрамя расійскай, таксама перавозіць нафту Ірана і Венесуэлы, уваходзяць больш за 1400 танкераў, з якіх 921 ужо пад санкцыямі ЗША, Вялікабрытаніі ці ЕС.

Чытайце таксама:

3 снежня Еўрасаюз абмяркуе новыя санкцыі

Расія страчвае кантроль над Усходняй Еўропай — але размова не пра Беларусь

ЗША гатовыя ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Расіі, але пакуль чакаюць рашучых крокаў з боку Еўропы

Кожны шосты нафтавы танкер у свеце належыць да расійскага «ценявога флоту»

Нарвежская афера Крамля: як ценявы флот Расіі атрымліваў фальшывыя страхоўкі

Каментары да артыкула