Нарвежская афера Крамля: як ценявы флот Расіі атрымліваў фальшывыя страхоўкі
Маштабнае журналісцкае расследаванне выкрыла схему, з дапамогай якой расійскі рэжым абыходзіў санкцыі. Сярод кліентаў ашуканцаў былі такія гіганты, як «Наватэк» і «Раснафта». І нават фірма, звязаная з ГРУ.

У самым сэрцы Осла, у прэстыжным будынку Нарвежскай асацыяцыі суднаўладальнікаў, была зарэгістраваная кампанія Ro Marine. Аднак, як выявілася, ніводнага супрацоўніка фірмы там ніколі не было. Кампанія існавала толькі на паперы і дыстанцыйна прадавала фальшывыя страхавыя полісы для дзясяткаў суднаў, якія перавозілі расійскую нафту, газ і ваенныя грузы.
Гэта азначае, што ніводны са страхавых полісаў Ro Marine не дзейнічаў, таму ў выпадку аварыі на танкеры еўрапейскія ўлады не змаглі б атрымаць кампенсацыю за ліквідацыю наступстваў экалагічнай катастрофы.
Дэталі гэтай афёры сталі вядомыя дзякуючы супольнаму расследаванню нарвежскага медыяканцэрна NRK і расійскага Цэнтра «Досье». Паводле даных журналістаў, за гэтай схемай стаялі двое грамадзян Нарвегіі, балгарын і расіянін Андрэй Мачалін з Санкт-Пецярбурга, які лічыўся ўладальнікам Ro Marine.

Нарвежскі фінансавы рэгулятар Finanstilsynet пацвердзіў, што кампанія фізічна не вяла дзейнасці ў краіне, і ў сакавіку 2025 года запатрабаваў неадкладна спыніць яе працу, перадаўшы справу ў паліцыю.
Нафта, газ і зброя пад фальшывым полісам
Дакументы, якія трапілі ў рукі расследавальнікаў, сведчаць, што гэта была не прыватная ініцыятыва. Плацяжы за фіктыўныя полісы праходзілі праз расійскую фірму Мачаліна «Хайдор Санкт-Пецярбург».
Сярод кліентаў ашуканцаў былі такія гіганты, як «Наватэк» і «Раснафта», а таксама фірмы, якія дастаўлялі іранскую зброю ў Расію, боепрыпасы ў Алжыр, і нават арганізацыя, звязаная з ГРУ. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што афёра была б немагчымай без ведама і ўхвалення Крамля.

Каб схема працавала маштабна, ашуканцам трэба было атрымаць афіцыйнае прызнанне ад краін, пад чыімі сцягамі ходзяць судны «ценявога флоту». Адной з ключавых мэтаў стала Панама, бо яна мае найбуйнейшы ў свеце суднавы рэестр. Каб атрымаць дазвол ад панамскіх уладаў, RoMarine пайшла на падробку — прадставіла чыноўнікам сфальсіфікаваны дакумент, нібыта выдадзены ў Сьера-Леонэ.
Усяго Ro Marine паспела выдаць падробленыя полісы для як мінімум 256 суднаў, у тым ліку для 76 танкераў з расійскага «ценявога флоту». Гэтыя караблі, фармальна застрахаваныя па нарвежскім адрасе, насамрэч выходзілі ў мора без рэальнага страхавога пакрыцця, што з'яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права.
Яскравым прыкладам дзейнасці ашуканцаў стала гісторыя двух суднаў, Nan Feng Zhi Xing і Hunter Star. Увосень 2024 года яны перавозілі з Кітая абсталяванне для флагманскага праекта Крамля — завода па здабычы звадкаванага газу «Арктык СПГ 2», які належыць кампаніі «Наватэк».

Каб прайсці праз еўрапейскія воды на зваротным шляху, ім была неабходная страхоўка. Полісы былі аформленыя праз Ro Marine, а грошы за іх пералічаны на рахунак «Хайдор Санкт-Пецярбург».
Паслугамі Ro Marine карысталіся і партнёры «Раснафты». Так найбуйнейшым плацельшчыкам за фальшывыя полісы была дубайская фірма Adele Shipping, звязаная з «ценявым флотам». Іншы буйны кліент — звязаная са структурамі, блізкімі да кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына ганконгская кампанія Bellatrix Energy, якая рэзка нарасціла экспарт расійскай нафты пасля ўвядзення ў пачатку 2023 годзе на яе столі цэн.
Нават пасля таго, як афёра была выкрытая ў СМІ, а нарвежскі рэгулятар запатрабаваў спыніць дзейнасць Ro Marine, як сцвярджаюць журналісты, схема працягвала працаваць. Караблі з падробленай страхоўкай можна было сустрэць у еўрапейскіх партах.
Так, застрахаванае ў Ro Marine судна Astra, якое займаецца працамі па паглыбленні марскога дна з сярэдзіны лютага па меншай меры па канец жніўня 2025 года знаходзілася ў порце Рыгі на рамонце. Карабель — частка флоту «Бюро марскіх праектаў і тэхналогій», якое займаецца працамі ў порце Усць-Луга па замове групы «Наватранс».
Як распавёў журналістам адзін з кліентаў Ro Marine, «усе ведалі», што кампанія фіктыўная. Але сапраўдная страхоўка нікому і не была патрэбная. Галоўнай мэтай было атрымаць дакумент, які дазваляў бы абыходзіць санкцыі і праходзіць праверкі ў еўрапейскіх партах. І гэтую паслугу ашуканцы аказвалі ў поўнай меры.
Каментары
І тады ўсё ў шакаладзе.
Грошай на такое, зразумела, не шкада.
Усе гэтыя гісторыі ідуць з Дубая, дзе сідзяць тыя ж самыя людзі (былыя чэкісты, следакі і г.д.), што працуюць на Феактыстава і Ткачова (тое, што рускіе газетчыкі завуць "сечынскі спецназ")