БЕЛ Ł РУС

«Свяціла восем гадоў». Беларус са Шчучыншчыны расказаў, як пайшоў ваяваць за Расію

6.12.2025 / 19:40

Nashaniva.com

Ва Украіне ў палон трапіў 40‑гадовы ўраджэнец Шчучынскага раёна Руслан Гудач, які ваяваў у складзе расійскай арміі. Відэа з ім з’явілася ў тэлеграм-канале «Дождусь тебя», заўважыла Hrodna.life.

Руслан Гудач. Фота: t.me/I_am_will_wait

Паводле інфармацыі канала, Гудач родам з вёскі Ганелькі Шчучынскага раёна. У відэа ён расказвае, што да службы спрабаваў займацца бізнэсам, але пацярпеў няўдачу. Да яго ўзніклі прэтэнзіі з нагоды недаплаты падаткаў, за што яму «свяціла восем гадоў».

Па словах Гудача, у расійскіх сілавых структурах яму прапанавалі заплюшчыць на гэта вочы, калі пагодзіцца ісці на вайну з Украінай.

Беларус спрабаваў праз свайго знаёмага ўладкавацца на «тылавую пасаду», але яго накіравалі ў штурмавыя часці.

Мужчына кажа, што яго падманулі, і дадае, што да апошняга не было зразумела, куды ён трапіць.

Таксама ён адзначае, што ніякія задачы перад ім не ставіліся да апошняга моманту і «дакладнае выкананне было нікому невядома».

Гудач трапіў у палон УСУ на тэрыторыі Курскай вобласці. Ён кажа, што два месяцы хаваўся ў падвалах, перш чым быў захоплены. Паводле яго слоў, на палігоне «Пастаялыя Двары» іх амаль нічому не вучылі.

«Паўночныя карэйцы, якія былі ў лагеры, мелі больш высокі ўзровень падрыхтоўкі. Нам з імі катэгарычна забаранялася размаўляць», — кажа ён.

Паводле расказу Гудача, падчас аперацыі ў Цёткіне (пасёлак у Глушкоўскім раёне каля мяжы Расіі і Украіны) ягоная група панесла вялікія страты: «Да пунктаў дайшлі не ўсе, многія загінулі, я — паранены».

Чытайце таксама:

На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска

На фронце загінуў сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Дзмітрыя Уса. Іван ваяваў за Расію

28‑гадовы беларус паехаў у Расію і ажаніўся. Адразу завербаваўся на вайну, паваяваў месяц — і загінуў

Канал «Белорусский силовик» засыпаны рэкламай вярбоўкі на вайну ва Украіне

Каментары да артыкула