«Я разумею, што можна зрабіць копію красовак…» Расіяне сплагіяцілі мінскі дзіцячы садок
У расійскім горадзе Пенза ў 2024 годзе з'явілася дакладная копія дзіцячага садка «Жоўты жыраф», які быў пабудаваны ў 2018 годзе ў мінскім жылым комплексе «Новая Баравая».
Садок «Жоўты жыраф», які быў пабудаваны ў 2018 годзе ў Новай Баравой
Сам архітэктар Кірыл Скарынін, аўтар арыгінальнага беларускага праекта, заўважыў гэта і пракаментаваў сітуацыю на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Я разумею, што можна зрабіць копію красовак, сумачкі ці электрагітары. Але копію дзіцячага садка я бачу ўпершыню!»
Садок «Сімба» ў Пензе
У кампаніі А-100, якая займаецца будаўніцтвам «Новай Баравой», сітуацыю пракаментавалі неадназначна. З аднаго боку, там назвалі факт капіравання прыемным, але падкрэслілі, што будуць разбірацца ў сітуацыі: «З аднаго боку, гэта пацвярджае: за лепшымі сапраўды паўтараюць. Але зараз мы вывучаем сітуацыю — для нас прынцыпова важна, каб рашэнні, створаныя з душой для нашых жыхароў, заставаліся эксклюзіўнымі», піша «Прысталічча».