БЕЛ Ł РУС

«У плане былі яшчэ некалькі краін». Маршрут Лукашэнкі складалі так, каб не надта біла па здароўі

7.12.2025 / 21:54

Nashaniva.com

Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў расказаў, як планавалася доўгае турнэ Лукашэнкі. І назваў яго «жалезным чалавекам».

Фота Рады абароны М'янмы

Аляксандр Лукашэнка сёння вярнуўся з зацяжнога турнэ. Ён наведаў Кыргызстан, М'янму, Алжыр і двойчы Аман. Пры гэтым перамовы ў апошняй краіне выглядалі дзіўна і напаўсакрэтна.

Рыжанкоў расказаў СТБ, што такі маршрут скласці было складана. У тым ліку з палітычных прычын.

«З чаго пачынаць? Як сумясціць краіны? Гэта вельмі складанае пытанне. Пытанне вельмі складанае і для пратакола (пратакольнай часткі), і ў палітычным плане. Вы абсалютна маеце рацыю, калі казалі, што для некаторых краін мае значэнне, калі ты прыязджаеш у рэгіён — куды паедзеш першым.

Некаторыя прэтэндуюць, каб ехалі толькі да іх. Іншыя краіны, у якіх, можа быць, дачыненні не вельмі добрыя паміж сабой з тымі краінамі, куды мы едзем, таксама не вельмі хацелі б, каб мы прыляталі да іх з непрыязнай краіны альбо адляталі ад іх у непрыязную краіну», — адзначыў Рыжанкоў.

Але яшчэ адзін важны момант — гэта здароўе 71‑гадовага палітыка. МЗС цяпер вымушаны адштурхоўвацца і ад гэтага пытання. Рыжанкоў з гэтай нагоды параўнаў Лукашэнку з героем сусвету Marvel Жалезным чалавекам.

«Мы ж разумеем, што наш прэзідэнт хоць і жалезны, але ён усё роўна чалавек. Таму нам трэба выканаць яшчэ мінімальныя рэчы, звязаныя з нейкім невялікім адпачынкам для яго, каб часавыя паясы не былі занадта драматычныя для здароўя. Каб была магчымасць падрыхтавацца да кожнай сустрэчы, каб не было вялікай розніцы ў кліматычных нейкіх рэчах», — падзяліўся Рыжанкоў.

Кіраўнік МЗС дадаў, што ў турнэ планаваліся яшчэ некалькі краін. Называць ён іх не стаў, але адзначыў, што іх перанеслі на першы квартал наступнага года.

Чытайце таксама:

«У Заліве так прынята». Эйсмант апраўдалася, чаму Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі

Сямейныя інтарэсы перасталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна. Што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі

Лукашэнка ў Амане ўжо цэлы дзень, але мясцовыя ведамствы і СМІ пра гэта маўчаць

Каментары да артыкула