Меркаванні77

Сямейныя інтарэсы перасталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна. Што хаваецца за паўднёвым ваяжам Лукашэнкі

Лукашэнка зладзіў доўгі ваяж па паўднёвых краінах. Ён наведаў М’янму, Аман, Алжыр. Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Мінска ў бок Глабальнага Поўдня, які адбыўся з-за канфлікту з Захадам, рэалізуецца часта ў своеасаблівых фарматах. Напрыклад, паездка Лукашэнкі ў Аман нагадвала сямейны візіт, піша на «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч.

Падчас сустрэчы Лукашэнкі з султанам Амана, 1 снежня 2025 года. Фота: БелТА

Спецыфіка замежных візітаў Лукашэнкі

Замежныя паездкі Аляксандра Лукашэнкі адразу ў некалькі краін адбываюцца не ўпершыню. Напрыклад, у 2023 годзе ён зладзіў свой традыцыйны візіт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ), а потым паляцеў у Афрыку. І кожная паездка мела сваю спецыфіку.

Так было і зараз. Напрыклад, падчас візіту ў М’янму Лукашэнку арганізавалі вельмі ўрачысты, пампезны прыём. Гэта вельмі ізаляваная краіна, там кіруе вайсковая хунта, ідзе грамадзянская вайна, туды не ездзяць замежныя лідары. А тут прыехаў цэлы кіраўнік дзяржавы. Тамтэйшыя ўладары так узрадаваліся, што былі гатовыя ўсяляк падладжвацца пад госця. Той нават здзівіўся: «Шчыра кажучы, мы пакуль яшчэ не заслугоўваем такой увагі», — сказаў Лукашэнка.

Візіты Лукашэнкі ў М’янму і Алжыр былі аб’яўленыя афіцыйнымі. А вось паездка ў Аман мела статус працоўнага візіту, які — ад пачатку да канца — насіў вельмі дзіўны характар.

Пачнем з таго, што султан Амана Хайтам бін Тарык аль-Саід здзейсніў візіт у Беларусь 6—7 кастрычніка 2025 года. Гэта значыць, лідары вялі двухбаковыя перамовы менш за два месяцы таму. Якая неабходнасць зноў сустракацца праз такі кароткі час, які мінуў з моманту іх папярэдняй сустрэчы, незразумела.

Падчас таго візіту султана ў Мінск Лукашэнка прымаў яго вельмі цёпла. Акрамя афіцыйных перамоў у рэзідэнцыі, ён запрасіў кіраўніка Амана да сябе ў госці дадому. Прэс-служба беларускага ўладара паведаміла, што пасля завяршэння перамоў Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў Хайтама бін Тарыка аль-Саіда ў аэрапорт. Статус візіту, дыпламатычны пратакол не прадугледжваў падобнага жэсту. Такое дзеянне азначае дэманстрацыю асаблівай павагі да госця.

Дзіўны візіт у Аман

І вось Лукашэнка прыбыў у Аман 28 лістапада. У аэрапорце яго сустракаў прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдулсалам Аль Муршыдзі. Гэта не проста не прэзідэнцкі ўзровень. Кіраўнік інвестыцыйнага агенцтва — гэта паўафіцыйная асоба.

Што адбывалася ў наступныя два дні, невядома. Больш за тое, ніякай інфармацыі ні пра афіцыйныя прыёмы, ні пра ягоную прысутнасць у краіне ўвогуле не было — пра гэта не паведамляла ні МЗС Амана, ні мясцовыя СМІ. І толькі на чацвёрты дзень візіту Лукашэнкі яго прыняў султан. Вонкава ўсё гэта выглядае для беларускага ўладара вельмі прыніжальна. Нібыта адзін лідар вымольваў сустрэчу, а другі праз нейкі час нарэшце аказаў літасць.

Далей падзеі развіваліся не менш цікава. Сустрэча на вышэйшым узроўні адбывалася не ў афіцыйнай рэзідэнцыі султана, а ў яго дома. На кадрах, якія зафіксавалі пад’езд Лукашэнкі, не было бачна беларускіх дзяржаўных сцяжкоў.

Ды і склад беларускай дэлегацыі быў вельмі незвычайны. Не было беларускіх чыноўнікаў, напрыклад, міністра замежных спраў — на перамовах з султанам прысутнічалі сам Лукашэнка і ягоныя сыны Віктар і Мікалай.

Нагадаю, афіцыйная пасада Віктара — прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта (фармальна гэта грамадская арганізацыя). Хоць прэс-службы МЗС Амана назвалі яго «спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта». А Мікалай пакуль проста студэнт.

Прэс-служба Лукашэнкі не раскрыла падрабязнасцяў ягоных перамоў з султанам Амана, спаслаўшыся на іх закрыты характар. Не далі нават нейкіх дзяжурных слоў напачатку размовы, як гэта звычайна робіцца падчас афіцыйных сустрэч.

Але прэцэдэнт падобнага фармату перамоў быў. У 2023 годзе ў перамовах з прэзідэнтам ААЭ з беларускага боку ўдзельнічалі Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка і Мікалай Лукашэнка. «Дамашні, сямейны фармат» — так вызначыў ход тагачасных перамоў эмірацкі бок.

Дзе тут дзяржаўныя інтарэсы?

І тады, і цяпер натуральна паўстае пытанне: што гэта было? Бо дзяржаўныя інтарэсы Беларусі тут не моцна праглядаюцца. Гандлёвы абарот паміж краінамі ў мінулым годзе склаў каля $5 мільёнаў — мізэр. Беларусь не мае ў Амане сваёй амбасады. А тым не менш кантакты паміж Лукашэнкам і кіраўніцтвам гэтай краіны становяцца ўсё больш інтэнсіўнымі. Чым гэта можна патлумачыць?

Такі фармат сустрэчы і ўвогуле двухбаковых адносін нагадвае не столькі перамовы кіраўніцтва Беларусі і Амана, колькі перамовы сям’і Аляксандра Лукашэнкі і сям’і аманскага султана. Сямейныя інтарэсы перасталі аддзяляцца ад дзяржаўных нават фармальна.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў візіт Лукашэнкі ў Аман так:

«Яны абмяркоўвалі, як захаваць грошы ў Амане — нельга ж трымаць усё ў адной гавані — у ААЭ. Трэба размясціць у Амане і падумаць, як іх рэінвеставаць у эканоміку Беларусі, каб прыкрыцца аманскімі кампаніямі. Потым, калі адбудуцца змены ў краіне, будуць разглядаць гэта як замежныя інвестыцыі».

Цікава, што гэтымі ж днямі сярэдні сын Лукашэнкі Дзмітрый зладзіў візіт у Інданезію. Нібыта абмяркоўвалі супрацоўніцтва з гэтай краінай у аграрнай сферы. Але Дзмітрый Лукашэнка займае пасаду кіраўніка Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Прычым тут аграрная сфера? Можна меркаваць, тут ёсць нейкі камерцыйны інтарэс.

Павелічэнне цікавасці людзей з прозвішчамі Лукашэнка да камерцыйных складнікаў — можа, самы важны сімптом набліжэння транзіту ўлады.

І вось апошняя інфармацыя: Лукашэнка вяртаецца ў Аман. У суботу адбудзецца ягоная новая сустрэча з султанам. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, «у найбліжэйшыя дні запланаваны шэраг непублічных сустрэч для абмеркавання ў практычнай плоскасці найважнейшых праектаў з комплексу двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Амана». Звяртае на сябе ўвагу, што зноў сустрэчы непублічныя. Калі палітыкі нешта хаваюць, то гэта заўсёды выклікае падазрэнне. І толькі пацвярджае высновы, зробленыя вышэй.

Візіт у Алжыр

Што тычыцца паездкі ў Алжыр, то варта адзначыць, што гэта першы візіт Лукашэнкі ў гэтую краіну. Алжырскі прэзідэнт таксама ні разу не наведваў Беларусь. Але кіраўнікі двойчы сустракаліся ў кулуарах розных міжнародных самітаў.

Алжыр — параўнальна нябедная краіна. Аснова яе эканомікі — гэта газ і нафта. Яны даюць 30% ВУП, 60% прыбытковай часткі дзяржбюджэту, 95% экспартнай выручкі. Па запасах газу Алжыр займае 8‑е месца ў свеце і 4‑е месца ў свеце па экспарце газу.

Да 2020 года гадавы аб’ём гандлю паміж краінамі хістаўся паміж $2 мільёнамі і $13 мільёнамі. Пасля пандэміі кавіду гандаль і зусім сышоў на нішто. Але ў 2024 годзе гандлёвы абарот склаў каля $50 мільёнаў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2023 годам у 16 разоў. Прычым практычна ўвесь аб’ём гандлю — гэта беларускі экспарт. Як патлумачыў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, такі экспартны выбух тлумачыцца рэзкім ростам паставак беларускіх прадуктаў харчавання.

Па выніках візіту падпісана шмат розных дакументаў. Але досвед мінулых паездак Лукашэнкі ў розныя краіны сведчыць пра тое, што яны ў мінімальнай ступені ўплываюць на развіццё эканамічных адносін.

Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў спрабуе ўпэўніць, што дзве краіны знайшлі агульную глебу для палітычнага супрацоўніцтва на аснове барацьбы супраць агульнага ворага — Захаду. Ён заявіў:

«Пытанне адказнасці еўрапейскіх краін за каланіялізм і за генацыд — гэта таксама адно са злучных звёнаў нашай палітыкі».

Але Рыжанкоў паспяхова замацоўвае за сабой статус не галоўнага дыпламата, а галоўнага прапагандыста, таму часта выдае жаданае за наяўнае.

Каментары7

  • рэквіем па ніх
    03.12.2025
    Шклоу́скі шарамыга разам з хунтай адкрыта , нагла развароу́вае Краіну .
  • маск
    03.12.2025
    Карбалевич забыл "семейную встречу" узурпатора и Коли с товарищем Си на семейном обеде. Я думаю ЦРУ и АНБ в курсе про что идут разговоры с диктататором, но простым беларусам об этом никто не скажет. И кстати, загуглите флаг Омана.
  • Nk
    04.12.2025
    Карбалевіч як сення нарадзіўся...
    Кожны год ужо шмат гадоў у лістападзе сям'я "працуе" у краінах Персідскага заліву. Хіба што раней ганялі на канікулы Коліны. А у нядзелю будуць глядзець апошні этап Формулы1. Яе заўжды.
    Прыкладна кожны год усе тое самае. А палітычныя аглядальнікі ўсе пішуць і пішуць, як быццам штосьці новае адбываецца.
    Таксама ужо не першы раз краіна Персідскага заліву выступае як лагістычны хаб для вандровак і візітаў у краіны "далекай дугі".

Цяпер чытаюць

Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас8

Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас

Усе навіны →
Усе навіны

Жлобінскі мясакамбінат выпусціў каўбаскі з клубніцамі

Life правёў рэбрэндынг1

Як у Брэсце адкрывалі таблічку з QR-кодам — з чыноўнікамі, святаром і школьнікамі ў стойцы «зважай!»4

У Мінску адбыўся суд, аналагічны выпадку з кватэрай Долінай. Як ён скончыўся?6

Сустрэча Зяленскага з Уіткафам у Бруселі скасаваная5

У Беларусі пачнуць прадаваць аўто пад новай маркай Zubr10

61‑гадовую фларыстку з Наваполацка асудзілі за палітыку1

Сям'я знайшла ідэальную здымную кватэру, але сусед аказаўся зацятым меламанам9

Як выглядае знакамітая кватэра Долінай, праз якую спявачку зненавідзелі ў Расіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас8

Расійскі генерал: Ва Украіне мы атрымалі жорсткі ўрок, народ там супраць нас

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць